Артыкулы: Абаленскі (Оболенский) Фёдар Васілевіч (1)
Абаленскі (Целяпнёў Лапата; Оболенский Телепнёв Лопата) Фёдар Васілевіч (?—1530), расійскі ваенны дзеяч. Князь, з 1519 баярын і дварэцкі. У 1492 пасланы з вял. атрадам войска у ВКЛ, спаліў гарады Мцэнск і Любуцк, захапіў у палон іх намеснікаў і шмат жыхароў. Удзельнічаў у паходах на ВКЛ у 1500, 1503 (1-ы ваявода перадавога палка), 1508. У 1517 пасланы з Вял. Лук супраць войск гетмана кн. Канстанціна Астрожскага, які ўзяў у аблогу Апочку. Падыходзячы да горада, А. падзяліў сваё войска на 3 часткі, удала атакаваў і выйграў бітву. Астрожскі згубіў абоз і артылерыю, яшчэ 2 разы быў разбіты інш. маскоўскімі ваяводамі, і адышоў ад Апочкі. У 1519 хадзіў на ВКЛ разам з кн. В.Шуйскім. У 1520 ваявода ў Старадубе, у 1521 — у Кашыры. У 1521 трапіў у крымскі палон, каля Разані выкуплены мясцовым ваяводам Хабарам Сімскім. У 1527 ваявода ў Кашыне, у 1529 — у Каломне і Рослаўлі. Ваяваў у Фінляндыі, удзельнічаў у паходах на Казанскае ханства і супраць крымскіх татараў. Загінуў у час паходу на Казань.
Літаратура:
Зимин А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV—первой трети XVI в. М.: Наука, 1988;
Кобрин В.Б. Материалы генеалогии княжеско-боярской аристократии XV—XVI вв. М.: РГГУ, 1995.
© Валерый Пазднякоў, 2010, 2014
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне