Артыкулы: Ябланоўскі Юзаф Аляксандр
Ябланоўскі Юзаф Аляксандр (4.2.1711, в. Ціхомль Валынскага ваяв.—1.3.1777), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык, мецэнат. З магнацкага роду. Атрымаў дамашнюю адукацыю, падарожнічаў па Францыі, Італіі, Германіі, Галандыі, Англіі. Выбіраўся паслом на соймы, падтрымліваў кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага на трон Рэчы Паспалітай, пасля пагадзіўся з Аўгустам III. У 1740 ажаніўся з Каралінай Радзівіл, дачкой канцлера ВКЛ К.С.Радзівіла, што дало яму магчымасць набыць маёнткі і пасады ў ВКЛ. Стольнік ВКЛ у 1744—55, ваявода новагародскі ў 1755—73. Аднавіў Новагародскі замак. У 1743 атрымаў ад імператара Карла VII княжацкі тытул. У 1768 асеў у Лейпцыгу. Падтрымліваў Барскую канфедэрацыю, пасля яе паражэння адмовіўся ад пасады новагародскага ваяводы, каб не ўдзельнічаць у санкцыяніраванні 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. У Лейпцыгу стварыў навук. таварыства «Сацыетас Ябланавіяна» для заахвочвання і ўзнагароды навук. даследаванняў у розных галінах. Як мецэнат падтрымліваў М.Догеля, іншых гісторыкаў. Праводзіў архіўныя пошукі ў Рэчы Паспалітай і за мяжой. Аўтар прац па стараж. гісторыі славян і Польшчы: «Сармацкая імперыя, сёння Польскае каралеўства...» (1742, 4-е выд. 1758), «Лех і Чэх...» (ч. 1—2, 1771, 3-е выд. 1777), зборніка біяграфій «Польскі музей, або Збор пісьменнікаў і выдаўцоў у Польскім каралеўстве і Вялікім княстве Літоўскім...» (т. 1—2, 1752—54), кн. «Геральдыка, гэта значыць збор рыцарскіх клейнодаў і ведамасць гербавых знакаў...» (1742, 3-е выд. 1752). У працы «Табліцы Ябланоўскага з генеалагічных дрэў славянскіх фамілій Польскага каралеўства...» (ч. 1—2, 1743—48) змясціў 80 генеалагічных табліц шляхецкіх родаў Польшчы і ВКЛ. Сааўтар і выдавец атласа Рэчы Паспалітай з 25 карт «Карта Польшчы...» (1772). Займаўся астраноміяй, матэматыкай, эканомікай. Чл. шматлікіх еўрапейскіх акадэмій і навук. таварыстваў.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне