Артыкулы: Ягадынскі (Ягадзінскі) Станіслаў Серафін
Ягадынскі (Ягадзінскі) Станіслаў Серафін (каля 1590—каля 1644), паэт, перакладчык, геральдык. Паходзіў з Жамойці або Гарадзеншчыны. У 1613—18 вучыўся ў Віленскай акадэміі, у 1619—20 — у Кракаўскім ун-це, у 1622 паступіў у Падуанскі ун-т. У 1624—25 суправаджаў каралевіча Уладзіслава ў вандроўках па Германіі, Бельгіі і Італіі. У 1625 служыў троцкаму кашталяну, нясвіжскаму ардынату Я.Е.Радзівілу. У 1627—28 пры двары кракаўскага біскупа М.Шышкоўскага. Пісаў на польскай і лацінскай мовах. У Вільні выдаў панегірыкі, прысвечаныя Г.Валовічу, Халецкім. У Кракаве надрукаваў зборнік сатырычных эпіграм і вершаў «Маскі масленічныя і паўсюдныя...» (1619?), «Грош пад заслонай і аздобай крылаў караля птушак арла князёў Радзівілаў...» (1620, 3-е выд. 1705), «Дваранкі» (1621), «Каталіцкія песні...» (1638, 2-е выд. 1695). Пераклаў з італьянскай мовы лібрэта оперы «Вызваленне Руджыера з вострава Альцыны» Ф.Сарачынелі (1628), «Трыумф кахання» Ф.Петраркі (застаўся ў рукапісе). Аўтар першага падручніка каліграфіі «Каліграфія, або Канцылярыя» (да 1640?, 2-е выд. 1695). Склаў гербоўнік «Сумарыюш клейнотаў або гербаў дзяржавы і рыцарства Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага з розных аўтараў, а менавіта з Бельскага, з Папроцкага і запісаў С.С.Ягадзінскага сабраны» (1621).
Літаратура:
Парэцкі Я.І. Сатырычныя вершы С.Ягадзінскага // Беларуская літаратура. Мн., 1980. Вып. 8;
Яковенко Н.Н. Новые данные к биографии С.С.Ягодыньского // Сов. славяноведенне. 1981. № 1.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне