Артыкулы: Ядвіга (15.2.1374—17.7.1399)
Ядвіга (15.2.1374, г. Буда, Венгрыя—17.7.1399), каралева польская [1384—99], жонка караля польскага і вялікага князя літоўскага Ягайлы. Малодшая дачка караля Венгрыі і Польшчы Людвіка I. У 1378 заручана з Вільгельмам Габсбургам, сынам аўстрыйскага кн. Леапольда III, і выехала ў Вену. Пасля смерці старэйшай сястры Кацярыны (1379) адклікана назад для падрыхтоўкі заняцця венгерскага трона. Аднак пасля смерці Людвіка І у 1382 польскія паны дамагліся, каб Я. атрымала польскі трон (Людвік завяшчаў яго дачцэ Ганне), і 15 або 16.10.1384 яна каранавана ў Кракаве. Польскія паны вырашылі скасаваць мяркуемы шлюб Я. з Вільгельмам, каб забяспечыць незалежнасць Польшчы ад Габсбургаў, і арганізаваць яе шлюб з вял. князем літоўскім Ягайлам, што, як меркавалася, прывядзе да ўключэння ВКЛ у склад Польскага каралеўства і хрышчэння язычніцкай Літвы ў каталіцтва. Была заключана Крэўская унія 1385. 18.2.1386 у Кракаве адбыўся шлюб Я. з Ягайлам. Я. атрымала ад яго ў якасці вена Магілёўскую і інш. воласці на Беларусі, Куяўскую і Рускую (Львоўскую) землі. Аказала значную дапамогу ў хрышчэнні Літвы. У 1397 пры Пражскім ун-це заснавала бурсу для літ. клірыкаў. Для падрыхтоўкі царк. уніі паміж правасл. і каталіцкай цэрквамі заснавала разам з Ягайлам у Кракаве кляштар славян-бенедыкцінцаў з Прагі, садзейнічала ўмацаванню пазіцый Кіпрыяна як мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі і падтрымлівала яго захады па заключэнні уніі. Завяшчала значныя сродкі на аднаўленне Кракаўскага ун-та. Садзейнічала ў 1387 далучэнню да Польшчы Галіцкай зямлі, занятай венграмі. Выступала за мірнае ўрэгуляванне канфлікту з Нямецкім ордэнам, вяла перагаворы пра вяртанне Польшчы Добжынскай зямлі, што, аднак, не прынесла поспеху. Памерла хутка пасля нараджэння ў яе дачкі. Адразу пасля смерці Я. начала шанавацца як святая, афіцыйна кананізавана ў 1997.
Літаратура:
Rydel L. Królowa Jadwiga. Warszawa, 1984;
Kluz W. Jadwiga królowa Polski. Warszawa, 1987;
Wyrozumskі J. Królowa Jadwiga: Między epoką piastowską i jagiellońską. 2 wyd. Kraków, 2006.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне