Артыкулы: Ямантавічы
Ямантавічы, княжацкі род у ВКЛ, нашчадкі старажытных літоўскіх удзельных князёў. Паводле легенды, вялі радавод ад кн. Гедруса. Найб. вядомыя:
Ямант Тулунтавіч (у праваслаўі Васіль; ?—12.8.1399), першы вядомы прадстаўнік роду. У 1390 суправаджаў кн. Вітаўта ў Прусію. У 1396 яму разам з Васілём Барэйкавічам Вітаўт даў у кіраванне Смаленскае княства; пасля трымаў і Клецкае княства. У 1398 падпісаў мірны дагавор ВКЛ з Нямецкім ордэнам. Загінуў у бітве на Ворскле 1399 з татарамі. Меў сыноў Сямёна (Сеньку) і Міхаіла.
Сямён Ямантавіч, сын Яманта Тулунтавіча. Падпісаў акт Віленска-Радамскай уніі 1401 паміж ВКЛ і Польшчай, Тарунскі мір 1411 з крыжакамі.
Сямён (?—да 1540), сын Яшкі, унук Міхаіла Ямантавіча. Ад маёнтка Падбярэззе каля Друцка празываўся Ямантавічам-Падбярэскім. Валодаў таксама мяст. Бачэйкава, часткай воласці Басея. З 1522 намеснік (дзяржаўца) кернаўскі, трымаў Азярышчанскую і Усвяцкую вол. У 1528 ставіў у войска ВКЛ 19 коннікаў. Не меў дзяцей, таму пакінуў маёнткі сястры Ульяне, сыны якой ад шлюбу з Яцкам Сенькавічам Рыгор і Іван узялі прозвішча Падбярэскія. Нашчадкі Рыгора ўзялі прозвішча і тытул князёў Друцкіх-Падбярэскіх.
Літаратура:
Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне