Артыкулы: Янаў (Янаў-Падляшскі)
Янаў (Янаў-Падляшскі, польск. Янаў-Падляскі, Janów Podlaski, цяпер цэнтр гміны ў Бяльскім пав. Люблінскага ваяв., Рэспубліка Польшча), мястэчка ў Берасцейскім пав., на р. Крыўка. Першапачаткова в. Порхаў, якую ў 1423 вял. кн. Вітаўт падараваў Луцкаму кафедральнаму касцёлу. У 1428 Вітаўт заснаваў касцёл. У 1465 луцкі біскуп Ян Ласовіч заснаваў тут мястэчка, якое атрымала хэлмскае права на самакіраванне і новую назву Я. у гонар біскупа. Тады ж заснаваны касцёл, які пасля перайшоў ва ўладанне дамініканцаў. У 1497 вял. кн. Аляксандр даў Я. права на 3 кірмашы штогод, а ў 1730 Аўгуст ІІ — прывілей на 4-ы кірмаш. У 1522 біскуп П.Гальшанскі адбудаваў згарэлы касцёл. Луцкія біскупы мелі ў Я. рэзідэнцыю. Яна размяшчалася ў замку, які быў умацаваны 4 бастыёнамі. У 1575 у Я. больш за 500 дамоў. Горад пацярпеў ад пажараў у 1575 і 1620. У 1657 захоплены шведамі. У 1648 адчынена каталіцкая духоўная семінарыя. У Я. існавала драўляная уніяцкая царква. У 1717 пачалося будаўніцтва мураванага касцёла Св. Тройцы (асвячоны ў 1735). У Я. жыў і пахаваны А.Нарушэвіч. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Аўстрыі.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне