Артыкулы: янычары
янычары (тур. yeniçeri новае войска), від пяхоты ў войску ВКЛ. Янычарскія харугвы тут былі створаны ў пач 18 ст. на ўзор турэцкіх Я. Былі ўзброены рушніцамі, сякерамі і шаблямі, абмундзіраваны ва уніформу, падобную на турэцкую. Па сацыяльным складзе і камандаванні не адрозніваліся ад іншых вайсковых часцей ВКЛ. Фактычна стварэнне янычарскіх харугваў было выклікана культурным уплывам Усходу. У войску ВКЛ першапачаткова было 3 янычарскія харугвы на чале ротмістрамі. Атрымлівалі плату з дзярж. скарба. Адна янычарская харугва заўсёды знаходзілася пры вял. гетмане ВКЛ. У ходзе ваеннай рэформы 1770-х г. у войску ВКЛ пакінуты 2 янычарскія харугвы як ганаровая варта пры вял. і польным гетманах. У канцы 1780-х г. яны налічвалі па 73 чал. Мелі аркестры (капэлы), што складаліся з духавых і ўдарных інструментаў. У сярэдзіне 18 ст. ўладальнік Слуцка Г.Ф.Радзівіл у сваім прыватным войску таксама завёў янычарскую харугву (называлася таксама лейб-кампанія, рота), якая налічвала да 150 чал. Пасля яго смерці Я. са Слуцка пераведзены ў Нясвіж. У 1768 батальён Я. тут налічваў 323 вайскоўцы на чале з падпалкоўнікам, пасля Я. пераведзены ў г. Белая на Падляшшы, а ў ходзе барацьбы з Барскай кафедэрацыяй распушчаны.
Літаратура:
Грыцкевіч А. Янычары ў Беларусі // Бел. гіст. часопіс. 2005. № 6.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне