Артыкулы: Яраславічы
Яраславічы, княжацкі род у ВКЛ. Паходзілі ад бораўскага кн. Андрэя Іванавіча, сына вял. князя маскоўскага Івана Каліты. Яго нашчадкі валодалі Бораўскам і Серпухавам. Ад імя Яраслава Уладзіміравіча (?—1426), унука Андрэя Іванавіча, яго нашчадкі ў ВКЛ Іван і Фёдар утварылі прозвішча Я. Найб. вядомыя:
Васіль Яраславіч (?—1483), сын Яраслава Уладзіміравіча. Удзельны князь бораўскі. У час феад. вайны 1425—53 у 1446 выгнаны вял. князем маскоўскім Дзмітрыем Шамякам. Ад’ехаў у ВКЛ, дзе атрымаў ад вял. князя літоўскага Казіміра Бранск, Гомель, Старадуб, Мсціслаў. Пасля вярнуўся, дапамог Васілю II вярнуць маскоўскі трон і ў 1449 атрымаў ад яго пацвярджэнне на родавыя ўладанні. Як сведка падпісаў дагавор 1449 паміж Васілём II і Казімірам. У 1456 сасланы Васілём II у Угліч. Яго жонка з пасынкам Іванам уцякла ў ВКЛ.
Іван Васілевіч (?—1507), сын Васіля Яраславіча. З маладосці знаходзіўся ў ВКЛ. У 1462 заключыў дагавор з выгнанцам з Маскоўскай дзяржавы кн. Іванам Андрэевічам Бельскім пра сумесныя дзеянні супраць вял. князя маскоўскага. Вял. князь літоўскі Казімір даў Івану Васілевічу Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы (1492?), Рагачоўскую вол., што пацвердзіў у 1499 вял. кн. Аляксандр.
Фёдар Іванавіч (?—паміж жн. 1520 і лютым 1522), сын Івана Васілевіча. У 1498 ажаніўся з Аляксандрай (Аленай), дачкой кн. Сямёна Алелькавіча; пасля смерці ў 1501 цешчы атрымаў у спадчыну Пінскае княства. У 1503 разбіты татарамі на р. Уша каля Оўруча. Пасля смерці бацькі атрымаў Клецк, Давыд-Гарадок, Рагачоў, у 1508 — пацвярджэнне на воласць Вяда ў Новагародскім пав. Адзін з буйнейшых землеўладальнікаў ВКЛ. У 1509 разам з жонкай заключыў дагавор з вял. князем літоўскім Жыгімонтам Старым: той браў іх пад сваю апеку і абараняў ад маёмасных прэтэнзій з боку сваякоў, а яны завяшчалі Жыгімонту ўсе свае ўладанні. Рабіў падараванні на карысць правасл. царквы. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры ў Кіеве. На ім род Я. згас.
Літаратура:
Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 2. Киев, 1903;
Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне