Артыкулы: Барская канфедэрацыя

Барскаяканфедэрацыя, ваенна-палітычны саюз шляхты Рэчы Паспалітай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і рас. пратэктарату над краінай.

Створана 29.2.1768 у мяст. Бар (Падольскае ваяв.) па ініцыятыве камянецкага біскупа А.С.Красінскага пад кіраўніцтвам яго брата ражанскага падкаморыя М.Красінскага (маршалак) і варэцкага старасты Ю.Пуласкага (рэгіментар). Выступіла за непарушнасць прывілеяў шляхты і каталіцкай царквы, супраць рэформ існуючага ладу і ўраўнавання іншаверцаў (дысідэнтаў) у правах з католікамі. Абвяшчэнне Б.к. адразу справакавала антыфеад. выступленне ўкр. сялян (Калііўшчына), якое было падаўлена сумесна войскамі Расіі і Рэчы Паспалітай. Адгалоскі Калііўшчыны праявіліся ў Шаўліскім паўстанні 1769, руху гайдамакаў у Мазырскім і Рэчыцкім паветах (1768—69). У барацьбе за незалежнасць краіны канфедэраты падзяляліся на тых, хто шукаў падтрымкі з боку Турцыі, Францыі, Аўстрыі і Саксоніі, і тых, хто разлічваў на ўласныя сілы. Пасля разгрому пад Барам 20.6.1768 частка канфедэратаў асела ў Турцыі (якая абвясціла вайну Расіі), а частка — у Венгрыі (Мушын) і Сілезіі. Лідэры Б.к. байкатавалі скліканы каралём на 7.11.1768 прымірэнчы сойм і вырашылі сабраць яго пад апекай уласных канфедэрацый, якія ў ВКЛ былі арганізаваны ў Вільні, Вількаміры, Коўне, Упіце, Ашмянах, Рэчыцы, Ваўкавыску, Берасці, Слоніме, Мсціславе, Новагародку і інш. З надзеяй на дапамогу з боку віленскага ваяводы К.С.Радзівіла 19 маршалкаў канфедэрацый сабраліся ў Нясвіжы, аднак 10—13.10.1768 капітулявалі і разам з Радзівілам 29.10.1768 далі публічнае абяцанне быць паслухмянымі рас. ўраду. Ролю лідэраў узялі на сябе браты К. і Ю.Пуласкія, якія ў чэрв.—ліп. 1769 зрабілі рэйд з Пулаў на Берасце, Воўчын, Камянец, Мсцібаў, Бераставіцу, Ваўкавыск. 11.7.1769 пад Слонімам яны пацярпелі паражэнне, былі адцеснены рас. войскамі пад мяст. Уладава, а 13.9.1769 разбіты А.В.Суворавым каля в. Арэхава Берасцейскага ваяв. Рассеяныя рэшткі канфедэратаў абвясцілі 6.8.1769 у мяст. Даспудзе Гарадзенскага пав. Генеральную канфедэрацыю ВКЛ на чале з зёлаўскім старастам М.Я.Пацам (маршалак) і крайчым ВКЛ Ю.Сапегам (рэгіментар). 7—9.11.1769 яна злучылася ў Белай (Сілезія) з кароннай канфедэрацыяй, утварыўшы агульную раду (Генеральнасць). Яна спачатку асела ў Спішы (Славакія), але з-за ганенняў пераехала ў Цешын (Сілезія), пасля ў Прэшаў (Славакія). Генеральнасць каламуцілі няспынныя звадкі вакол кандыдата на каралеўскі трон, адносна спосабаў вайны і камплектавання атрадаў, за пасады маршалкаў і рэгіментараў мясц. канфедэрацый, за славу лідэра вызвалення. З разлікам на дапамогу нейтральных дзяржаў Генеральнасць 9.4.1770 абвясціла бескаралеўе, а 9.8.1770 завочна асудзіла Станіслава Аўгуста Панятоўскага на смерць як узурпатара-тырана і заклікала вял. гетмана ВКЛ М.К.Агінскага збройна падтрымаць дэтранізацыю. Вясной 1771 канфедэраты з дапамогай французскіх інструктараў захапілі Чанстахову, Лянцкарону і прадпрынялі няўдалы паход на Варшаву. Агінскі ўзняў рэгулярныя войскі ВКЛ, 6.9.1771 разбіў пад Бездзежам рас. атрад палкоўніка А.Албічава, заклікаў маршалкаў мясц. канфедэрацый злучыцца з ім у «абарону веры, вольнасці і незалежнасці», аднак 22—23 вер. быў разбіты Суворавым у Сталавіцкай бітве 1771. Ён перадаў паўнамоцтвы польнага гетмана ковенскаму падчашаму Ш.Касакоўскаму, які з Шаўляў праз Коўна, Вількамір, Мядзел, Ігумен дайшоў 28.8.1771 да Жлобіна, дзе намагаўся падняць паўстанне ў паўн.-ўсх. ваяводствах ВКЛ. Рабункі і праследаванне праціўнікаў Б.к. не прынеслі яму падтрымкі. 24.10.1771 кароль пазбавіў яго гетманства, а Расія абвясціла канфедэратаў дзярж. злачынцамі і бунтаўшчыкамі, наклала на іх маёнткі кантрыбуцыі і секвестр. У адказ Генеральнасць 3.11.1771 зрабіла няўдалы замах на караля, што дыскрэдытавала яе ў Еўропе і прывяло да міжнар. ізаляцыі. Апошнія дыверсійна-партызанскія рэйды ў ВКЛ здзейснілі ў пач. 1772 берасцейскі маршалак А.Бянклеўскі з Мазовіі (на Шарашова, Ляхавічы, Петрыкаў, Дарашэвічы, дзе разбіты 2.2.1772) і серадзскі маршалак М.Валеўскі, які пацярпеў паражэнне 31.3.1772 пад Сямяцічамі. На лютаўскіх сойміках 1772 шляхта ВКЛ у прысутнасці рас. войск адраклася ад падтрымкі Б.к., апошнія арганізаваныя сілы якой былі разгромлены пад Кракавам 23.4.1772 і Лянцкаронай 18.5.1772. Генеральнасць самараспусцілася. Усяго ў Рэчы Паспалітай вызваленчы рух злучыў каля 20 тыс. чал. Б.к. стварыла абстаноўку грамадзянскай вайны, якую манархі Аўстрыі, Прусіі і Расіі скарысталі пад выглядам «замірэння анархіі» для правядзення першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Літ.:

Morawski S. Materiały do konfederacyi barskiej r. 1767—1768. T. 1. Lwów, 1851;

Konfederacja barska: Wybór tekstów. Kraków, 1928;

Michalski J. Schyłek konfederacji barskiej. Wrocław etc., 1970;

Szczygielski W. Konfederacja barska w Wielkopolsce, 1768—1770. Warszawa, 1970;

Przemiany tradycji barskiej. Kraków, 1972;

Literatura barska. Wrocław, 1976;

Konopczyński W. Konfederacja barska. T. 1—2. 2 wyd. Warszawa, 1991.

© Яўген Анішчанка, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.