Артыкулы: камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя
камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя, органы мясцовай адмiнiстрацыi ў Рэчы Паспалiтай.
Створаны 6.11.1789 Чатырохгадовым соймам 1788—92 па iнiцыятыве паслоў браслаўскага Т.Ваўжэцкага i новагародскага М.Бярновiча. З лют. 1790 пастаяннадзейныя органы выканаўчай улады. У 1791 падпарадкаваны Камiсii палiцыi абодвух народаў. У камісіі выбiралiся 15 камiсараў з неасуджанай i аселай шляхты ў ваяводствах i паветах на сойміках на 2 гады. Без выбрання за грамадскiя заслугi ў камiсii ўваходзiлi сенатары, цiвуны, павятовыя маршалкi, гродавыя старасты, харужыя. Кожная камiсiя мела канцылярыю з возным i адвакатам. Сесii адбывалiся штодня акрамя святаў. Камiсары выконвалi функцыi бясплатна, але на работу канцылярыi збiралася па шэлегу з кожнага злотага падаткаў. У ВКЛ iснавалi 23 камiсii ў адпаведных адм. цэнтрах, у т.л. ва Ушачах для Полацкага ваяв., Чарэi для Вiцебскага ваяв., Халопенiчах для Аршанскага пав., Берасці для Берасцейскага ваяв. i Кобрынскага пав., Бабруйску для Рэчыцкага пав. Камiсii наглядалi за мерамi i вагамi, цэнамi, мануфактурамі, корчмамi, гарадамi, шляхамi зносiн, рачнымi перавозкамi. Абавязаны былі клапацiцца аб росце земляробства, рамёстваў, гандлю. Вялі ўлiк насельнiцтва, збiралi падымны падатак. Кiравалi ўтварэннем парафiяльных школ пры плябанiях, раскватараваннем i забеспячэннем войск рэкрутамi i харчам. У якасцi суда 1-й iнстанцыi разглядалi маёмасныя справы i справы па адм. правапарушэннях, канчаткова i безапеляцыйна, калi iск не перавышаў 300 злотых, а кара — 50 злотых i 3 дзён турмы. Астатнiя справы па прадстаўленнi павятовых дазорцаў адсылалiся па апеляцыi на канчатковы прысуд Камiсii палiцыi абодвух народаў. Разбiралi спрэчкi памiж ваеннымi i цывiльным насельнiцтвам, каралi за непаслушэнства публiчнай уладзе i землеўладальнiкам, але не мелi права судзiць па крымiнальных справах. Скасаваны 22.9.1792 Таргавiцкай канфедэрацыяй. Адноўлены Гарадзенскiм соймам 1793, але фактычна не дзейнiчалі. У час паўстання 1794 створаны новыя камiсii, звычайна з 21 чал., якiя размяркоўвалiся памiж 6 аддзеламi (парадку, бяспекi, скарбу, войска, спраў, жыўнасцi). Падуладная камiсii тэрыторыя падзялялася па парафiях або дазорах (да 1200 двароў) для арганiзацыi паспалiтага рушэння i рэгулявання адносiн сялян з панамi. Праiснавалi да 1795.
Літаратура:
GordziejewJ. Z dziejów Komisji Porządkowych Cywilno-Wojskowych w Wielkim Księstwie Litewskim // Rocznik Biblioteki Naukowej PAU i PAN w Krakowie. Kraków, 2002. R. 47.
© Яўген Анішчанка, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


