Артыкулы: Камісія паліцыі абодвух народаў
Камісія паліцыі абодвух народаў, цэнтральны калегiяльны орган улады Рэчы Паспалiтай па падтрымцы грамадскай бяспекi i выкананнi рашэнняў судовай улады.
Створана 28.6.1791 Чатырохгадовым соймам 1788—92. Падпарадкоўвалася Стражы Правоў. Кiравалася надворнымi маршалкамi праз канцылярыю (6 чал.) Складалася з 15 камiсараў: 3 сенатараў, 6 паслоў (па 2 ад Велікапольскай, Малапольскай і Літоўскай правiнцый) i 6 адвакатаў ад гарадоў, выбраных ад землеўласнiкаў. Камiсары выбiралiся соймамi на 2 гады. Камiсiя засядала штодня, акрамя свят. Ад ВКЛ у камiсiю ўваходзiлi берасцейскi кашталян Ю.Шчыт, Ю.Швайкоўскi i С.Прашынскi. Камiсія выконвала функцыi скасаваных камiсiй добрага парадку, а таксама вял. i надворнага маршалкаў. Займалася ўпарадкаваннем гарадоў, рэвiзавала гар. даходы, фундушы, давала дазвол на працу па-за рамеснымi цэхамi, сачыла за неадчужальнасцю гарадскiх зямель i iх арэндай праз аўкцыёны. Ажыццяўляла агульнаграмадзянскую палiцэйскую ўладу, аказвала дапамогу калекам i хворым, змагалася са злачыннасцю, загадвала месцамi зняволення, папраўчымi дамамi, мелася прадухiляць парушэннi вольнасцi друку. Уласныя распараджэннi ажыццяўляла праз ваяводскiя i павятовыя камiсii парадкавыя цывiльна-вайсковыя. Як судовая ўстанова разглядала справы, накiраваныя ёй па апеляцыi парадкавымi камiсiямi. Для выканання сваiх пастаноў трымала 2 харугвы i магла карыстацца армейскай дапамогай. Скасавана Таргавіцкай канфедэрацыяй. На Гарадзенскiм сойме 1793 створаны асобныя Камiсiя палiцыi Вялікага княства Літоўскага і Каронная камісія паліцыі.
Літаратура:
Zahorski A. Centralne instytucje policyjne w Polsce w dobie rozbiorów. Warszawa, 1959.
© Яўген Анішчанка, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


