Артыкулы: Канстытуцыя 1793
Канстытуцыя 1793, асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты без абмеркавання 5 снеж. Гарадзенскім соймам 1793.
Яе праект распрацаваны К.Рачынскім, Ф.Машчынскім, Л.Тышкевічам пад наглядам рас. пасла Я.Я.Сіверса. Паводле К. Рэч Паспалітая захоўвалася як унітарная дзяржава ў складзе правінцый Кароны і ВКЛ, падзялялася на ваяводствы, а тыя — на 3 паветы (зямлі) кожнае. Захоўваліся кардынальныя правы, гарантаваныя соймамі 1768, 1775 і Канстытуцыяй 3 мая 1791. Аднаўлялася выбарнасць караля. Вышэйшым заканадаўчым органам краіны абвешчаны аднапалатны сойм, які склікаўся раз у 4 гады на 8 тыдняў. Ад кожнага ваяводства ў сойм выбіраліся па 6 паслоў. Рашэнні ў сойме прымаліся большасцю галасоў, акрамя самых важных пытанняў заканадаўства, падаткаў, арміі, пры разглядзе якіх каралю давалася права вета. Выканаўчая ўлада перадавалася Пастаяннай Радзе з 24 чал. (у т.л. 11 ад ВКЛ), якая падзялялася на 6 дэпартаментаў. Рада павінна была рыхтаваць заканадаўчыя праекты, наглядаць за рэалізацыяй законаў, магла склікаць сойм нават без згоды караля. Улада ў паветах перададзена парадкавым камісіям. Членаў камісій выбіралі на мясц. сойміках з аселай шляхты. Немаёмная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў. Мяшчане атрымалі права набываць землі і шляхецкую годнасць, але не мелі прадстаўніцтва ў сойме. У якасці ўступкі рэформам Чатырохгадовага сойма захаваны зямянскія суды з выбарнымі пасадамі на дзярж. утрыманні. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для судоў быў Трыбунал, асобна для цывільных і духоўных спраў. Фактычна К. не выконвалася, бо страціла сілу ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.
Літаратура:
Szujski J. Dzieje Polski podług ostatnich badań. T. 4. Lwów, 1866;
Wąsicki J. Konfederacja Targowicka i ostatni sejm Rzeczypospolitej z 1793 roku. Poznań, 1952;
Kądziela Ł. Opcja grodzieńska // Kwartalnik historyczny. 1991. № 1;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Костомаров Н.И. Старый спор: Последние годы Речи Посполитой. М., 1994.
© Яўген Анішчанка, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


