Артыкулы: Пастаянная Рада

Пастаянная Рада (польск. Rada Nieustająca), вышэйшы орган дзяржаўнай улады Рэчы Паспалiтай у 1775—94.

Першы пастаянна дзеючы памiж сесiямi сойма цэнтр. ўрад. Створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфiкацыi ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалiтай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. iмперыi на ўнутраныя справы дзяржавы. Функцыi П.Р. аформлены статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў i 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.Р. выбiралi на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзiлiся перавыбары 1/3 яе складу. Старшынстваваў у Радзе кароль (пры яго адсутнасцi — прымас), якi меў права заканадаўчай iнiцыятывы i рашаючага голасу пры нязгодзе членаў. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, палiцыi, войска, справядлiвасцi. П.Р. атрымала права склiкаць звычайныя i надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расii П.Р. ўвяла эмфiтэтычнае (абмежаванае 50 гадамi) трыманне старастваў, адзiнае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя i гусарскiя харугвы ў брыгады нац. кавалерыi, увяла падзел армii на 6 дывiзiй, удзельнiчала ў заснаваннi Адукацыйнай камiсii. Рэформы суправаджалiся сутычкамi караля Станiслава Аўгуста Панятоўскага i магнацкай апазiцыi за кантроль над войскам i скарбам. Барацьба завяршылася на сойме 1776 перамогай караля i прыняццем новага статута П.Р. Кароль вярнуў уладу над войскам, права раздачы афiцэрскiх чыноў. Кiраванне армiяй адбывалася праз ваенны дэпартамент П.Р. Ён жа дапамагаў мясц. адмiнiстрацыi ў падаўленнi сял. хваляванняў i судам у рэалiзацыi iх пастаноў па маёмасных спрэчках шляхты. Спробы караля ў 1778 цэнтралiзаваць кiраванне гарадамi праз камiсараў i здаць збор гар. падаткаў ў арэнду праз конкурс сустрэлi процiдзеянне магнатаў i вярхоў магiстратаў. Апазiцыя ўзмацнiлася, калi ў 1787 кароль для ажыццяўлення новых рэформ паспрабаваў абаперцiся на Расiю. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазiцыя дамаглася 14.1.1789 лiквiдацыi П.Р. як «сродку замежнага дыктату i пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Сойм сканцэнтраваў усю паўнату ўлады, а дэкаратыўныя функцыi нагляду за выкананнем законаў аддаў Стражы Правоў на чале з каралём. 21.4.1793 Таргавiцкая канфедэрацыя аднавiла П.Р. для склiкання Гарадзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфiкацыi 2-га падзелу Рэчы Паспалiтай. Сойм абраў П.Р. з 24 чал. (2 бiскупы, 4 сенатары, 4 мiнiстры, 14 земскiх паслоў, з якiх 11 было ад ВКЛ) пад кiраўнiцтвам караля i маршалка Ю.Анквiча. Рада была абрана на 4 гады як незалежны ад сойма ўрад з правам заканадаўчай iнiцыятывы i тлумачэння закону. Мела дэпартаменты скарбу, войска, палiцыi, справядлiвасцi, адукацыi i замежных спраў, наглядала за камiсiямi парадкавымi цывiльна-вайсковымі ў ваяводствах i паветах. Кароль прызначаў сенатараў з прапанаваных Радай 2 кандыдатаў. П.Р. праводзiла скарачэнне войска, 14.4.1794 загадала вынiшчыць з усiх актавых кнiг канстытуцыi Чатырохгадовага i Гарадзенскага соймаў. Праiснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве i Найвышэйшай лiтоўскай рады ў Вiльнi.

Лiтаратура:

Szujski J. Dzieje Polski. T. 4, cz. 2. Lwów, 1866;

Cierowski J.A. Historia Polski, 1764—1864. Warszawa, 1987;

Czaja A. Między tronem, buławą a dworem petersburskim: Z dziejów Rady Nieustającej, 1786—1789. Warszawa, 1988;

Яго ж. Lata wielkich nadziej. Warszawa, 1992.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.