Артыкулы: Скарбовая камісія абодвух народаў

Скарбовая камісія абодвух народаў, цэнтральны калегіяльны орган дзяржаўнай улады Рэчы Паспалітай ў галіне фінансаў і эканомікі.

Створана 1.2.1792 Чатырохгадовым соймам 1788—92 замест скарбовых камісій Кароны Польскай і ВКЛ (гл. Скарбовая камісія Вялікага княства Літоўскага). Складалася з 2 падскарбіяў, 16 камісараў, 8 паслоў ад шляхты, 2 сенатараў, 6 адвакатаў ад гарадоў —усе ў роўным прадстаўніцтве ад Кароны Польскай і ВКЛ. Члены камісіі выбіраліся соймам на 2 гады з правам перавыбару. Старшыні — вял. падскарбі ВКЛ Л.Тышкевіч і надворны падскарбі каронны А.Дзяконскі. Падпарадкоўвалася Стражы правоў. Наглядала над фінансамі дзяржавы, манетнай справай, унутраным і знешнім гандлем, фабрыкамі. Судзіла справы аб парушэнні цэласнасці скарбу, фальшываманецтве, гандлёвых спрэчках з замежнымі купцамі, злоўжываннях чыноўнікаў. Фінансавала і наглядала за экстраардынарнымі праектамі: будаўніцтвам Мухавецкага канала, забеспячэннем соллю. Значныя сродкі асігнавала на абслугоўванне прыдворнай кліентуры: утрыманне 7 батальёнаў стральцоў, стварэнне абознай касы караля, на выдаткі новапрызначаным галоўнакамандуючым войскамі Кароны Польскай і ВКЛ. Скасавана 18.8.1792 Таргавіцкай канфедэрацыяй з аднаўленнем асобных скарбовых камісій для Кароны Польскай і ВКЛ, якія падпарадкаваны Гарадзенскім соймам 1793 Пастаяннай Радзе.

© Яўген Анішчанка, 2006 

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.