Артыкулы: Абаленскі (Оболенский) Фёдар Васілевіч (2)

Абаленскі (Целяпнёў Аўчына; Оболенский Телепнёв Овчина) Фёдар Васілевіч (?—пасля 1549), расійскі ваенны дзеяч. Князь. Удзельнічаў у паходах на Казанскае ханства і супраць крымскіх татараў. У 1500 пад камандаваннем кн. Д.Шчэні удзельнічаў у паходзе на ВКЛ, бітве на Вядрошы, у 1502 — у паходзе сына вял. князя маскоўскага, кн. Дзмітрыя Іванавіча пад Смаленск і ў захопе Оршы. У 1503, 1507, 1508, 1519 зноў хадзіў на чале атрадаў у ВКЛ, у 1518 удзельнічаў у паходзе кн. В.Шуйскага на Полацк. Служыў ваяводам у Вял. Луках (1515, 1517), Тарусе (1520—21), Кашыры (1527), Ноўгарадзе-Северскім (1532), Старадубе (з 1534). У 1534 адбіваў ад Старадуба напад войскаў ВКЛ на чале з кіеўскім ваяводай Андрэем Неміровічам, пасля ўторгся ў ВКЛ, спусташаў яго землі да Новагародка, вярнуўся ў Старадуб з вял. здабычай. У 1535 быў абложаны ў Старадубе войскамі ВКЛ пад камандаваннем гетмана Юрыя Мікалаевіча Радзівіла, у жн. 1535 трапіў у палон. Пільнаваць яго было даручана Радзівілу. У жн. 1536 А. намагаўся збегчы з Вільні ў Лівонію. Яго план быў раскрыты, князь быў пераведзены ў Мельнік і закаваны ў кайданы. У 1549 маскоўскі бок імкнуўся выкупіць А. Далейшы яго лёс невядомы. Захавалася перапіска А. 1535—36 са сваім стрыечным братам Іванам Фёдаравічам Абаленскім.

Літаратура:

Зимин А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV—первой трети XVI в. М.: Наука, 1988;

Кобрин В.Б. Материалы генеалогии княжеско-боярской аристократии XV—XVI вв. М.: РГГУ, 1995;

Кром М.М. Стародубская война (1534—1537 гг.) // Очерки феодальной России. М., 1999. Вып. 3;

Радзивилловские акты из собрания Российской национальной библиотеки: Первая половина XVI в. / Сост. М.М.Кром. М.; Варшава, 2002.

© Валерый Пазднякоў, 2010, 2014

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.