Артыкулы: Геранімаў

Геранімаў (цяпер в. Гронаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобласці, Рэспубліка Беларусь), мястэчка Мсціслаўскага ваяв.

Заснавана ў 1726 на землях в. Вепрын ва ўрочышчы Камень над р. Сож. Сугучнасць назвы паселішча з імем Гераніма Фларыяна Радзівіла, дзяржаўцы Крычаўскага стараства ў 1746—1760, дазваляе сцвярджаць, што мястэчка было заснавана ягонай маці Ганнай Катажынай Радзівіл з Сангушкаў і названа ў гонар cына. Тэрмін слабады мястэчку вызначаны ў 20 гадоў. Згодна з інвентаром Крычаўскага стараства 1747, аснову планавай кампазіцыі мястэчка складаў рынак, адзін з бакоў якога выходзіў на р. Сож. З астатніх бакоў рынку адыходзілі вуліцы Манастырская, Вушакоўская і Вепрынская. Акрамя таго, інвентар згадвае незабудаваныя завулкі Крычаўскі і Зорскі, якія вялі з рынку ў бок Сожа. Развіццё мястэчка ішло марудна. У 1747 у ім налічвалася толькі 18 жылых дамоў, з якіх 6 стаялі на рынку; 8 дамоў у мястэчку стаялі пустыя, налічваліся 34 пустыя пляцы. У 1747 у мястэчку жыло 5 алейнікаў, з якіх 3 былі купцамі; было яшчэ 2 купцы, 2 кушнеры, ганчар, пастух. У 1753 тут пражывала 6 алейнікаў. Звесткі аб развіцці мястэчка ў 2-й пал. 18 ст. амаль адсутнічаюць. У 1770 мястэчку дано права на таргі па серадах. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Мяцельскі А.А. Фарміраванне мястэчак Крычаўскага староства // Castrum, urbis et bellum. Баранавічы, 2002;

Яго ж. Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства XVI—XVIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 2008. № 23.

© Андрэй Мяцельскі, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.