Артыкулы: Канстанцкі сабор 1414—1418

Канстанцкі сабор 1414—1418 — сабор каталіцкай царквы, скліканы ў нямецкім г. Констанц з мэтай пакласці канец яе расколу; буйнейшы дыпламатычны кангрэс, на якім вырашаліся важнейшыя міжнар. пытанні, найперш звязаныя з прэтэнзіямі германскага імператара Сігізмунда І на палітычную гегемонію ў Еўропе. Напярэдадні сабора дзейнічалі 3 папы, асаблівы размах набылі «ерасі» паслядоўнікаў Я.Гуса ў Чэхіі, Дж.Уікліфа ў Англіі і інш. Па ініцыятыве Сігізмунда І і антыпапы Яна ХХІІІ барацьба супраць ерасі стала гал. у дзейнасці сабора. У 1415 на саборы быў асуджаны на спаленне Гус, што стала штуршком да гусіцкіх войнаў у Цэнтр. Еўропе. У 1417 скасаваны паўнамоцтвы ўсіх ранейшых папаў і выбраны адзін папа Марцін V, абвешчана вяршэнства сабораў над папамі.

У дзейнасці сабора актыўна ўдзельнічалі дэлегацыі ВКЛ, аўтарытэт якога пасля Вялікай вайны 1409—11 з Тэўтонскім ордэнам значна вырас. Вял. князь Вітаўт некалькі разоў накіроўваў у Констанц свае дэлегацыі. У 1415 ад яго імя падольскі стараста Гедыгольд прапаноўваў перавесці бліжэй да Асманскай імперыі (у Паўн. Прычарнамор’е або на Кіпр) Тэўтонскі ордэн, які пасля хрышчэння Жамойці страціў фармальныя падставы для сваёй дзейнасці ў Прыбалтыцы і абвяргаў абвінавачванні ў патаемным супрацоўніцтве Вітаўта з асманамі. У 1416 на саборы значнае месца было адведзена спрэчкам паміж ВКЛ і ордэнам за Жамойць. 13.2.1416 разгледжана скарга ахрышчаных жамойтаў на ўціск з боку крыжакоў, якія працягвалі рабаўнічыя наезды. 17 чэрв. сабор прыняў кампраміснае рашэнне па Жамойці: у адм. дачыненні яна падпарадкавана імператару (г.зн. фактычна Тэўтонскаму ордэну), а ў царкоўным — польскім і літ. біскупам. Было вырашана стварыць асобную Жамойцкую дыяцэзію. 11.8.1416 львоўскі арцыбіскуп Ян Жашоўскі і віленскі біскуп Пётр з Варты прызначаны саборам дэлегатамі з абавязкам здзейсніць гэтыя рашэнні на месцы (прадоўжыць хрышчэнне жамойтаў, арганізаваць дыяцэзію, і інш.). У 1417 на саборы прысутнічаў «герцаг Павел з сапраўднай Русі, падначалены герцагу Вітаўту». Найб. прадстаўнічая дэлегацыя ВКЛ на чале з кіеўскім мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам была накіравана ў Констанц у 1418. У яе ўваходзілі правасл. епіскапы з розных епархій ВКЛ і Малдовы, а таксама свецкія прадстаўнікі Кіева, Смаленска, Вял. Ноўгарада і інш. гарадоў. Яе мэтай было заключыць унію паміж правасл. і каталіцкай цэрквамі на тэр. ВКЛ, а таксама дамагчыся прызнання сюзерэнітэту Вітаўта над Малдовай і Ноўгарадам. У выніку Марцін V прызначыў Вітаўта генеральным вікарыем Ноўгарада, а ў лют. 1418 Грыгорый Цамблак прысягнуў папе ад імя правасл. царквы ВКЛ. Спроба уніі, аднак, засталася нерэалізаваная з-за супраціўлення правасл. духавенства ВКЛ і пазіцыі канстанцінопальскага патрыярхату. Каштоўнай крыніцай для вывучэння сабора з’яўляецца «Хроніка Канстанцкага сабора» Ульрыха фон Рыхенталя, у якой неаднаразова згадваецца Белая Русь.

Літаратура:

Piekosiński F. Goście polscy na soborze konstancyjskim // Rozprawy Akademii Umiejętności. Wydział historyczno-filozoficzny. Ser. 2. Kraków, 1899. T. 12;

Chodynicki K. Kościół prawosławny a Rzeczpospolita Polska. Warszawa, 1934;

Грабарь В.Э. Вселенские соборы западнохристианской церкви и светские конгрессы XV в. // Средние века. Л., 1946. Вып. 2;

Dundulis B. Lietuvos kova prieš kryžiuočius Konstanco bažnytiniame susirinkime (1414—1418 m.) // Vilniaus valstybinis V.Kapsuko vardo universitetas mokslo darbai. Istorijos-filologijos mokslų serija. Vilnius, 1958. T. 4;

Ulrich Richental. Das Konzil zu Konstanz: Faksimileausgabe. Starnberg; Konstanz; Stuttgart, 1964;

Begunov J. «Weisse Rus» und Weissrussen in einer Deutschen Chronik des 15. Jahrhunderts // Torschungen zur Osteuropaeischen Geschichte. Berlin, 1980. Bd. 27;

MačiukasŽ. Zigmantas Liuksemburgietis ir Žemaitijos byla Konstanco bažnytinianie susirinkime 1414—1418 metais // Lietuva ir jos kaimynai: Nuo normanų iki Napoleono. Vilnius, 2001;

Флоря Б.Н. Татарские послы на Констанцком соборе // Русское Средневековье: Источники. 2000—2001 г. М., 2002.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.