Артыкулы: Маерберг Аўгусцiн
Маерберг Аўгусцiн (Meyerberg) (жн. 1612, Сiлезiя—23.3.1688) — аўстрыйскi дыпламат.
Сапраўднае прозвiшча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона фон М. У 1661 iмператар Леапольд I адправiў яго паслом у Расiю з мэтай садзейнiчаць заключэнню мiру з Рэччу Паспалiтай (гл. Вайна Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67). На зваротным шляху правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ (май 1662—люты 1663), праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магiлёва, адтуль праз Менск i Барысаў у Вiльню. У 1663 апублiкаваў кнігу «Падарожжа ў Масковiю» з апiсаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гiсторыю Маскоўскай дзяржавы, у т.л. яе ўзаемаадносiн з ВКЛ i Рэччу Паспалiтай. Прывёў звесткi пра забойства гетмана В.Гасеўскага (адбылося ў час знаходжання М. ў Вiльнi), пра архiтэктуру, побыт жыхароў i прыроду ваколiц Дуброўны, Оршы, Копысi, Шклова, Быхава, Магiлёва, Барысава, Менска. Адзначыў, што пад Белай Руссю ў Расii разумеюць «вобласцi памiж Прыпяццю, Дняпром i Дзвiною, з гарадамi Новагародкам, Менскам, Мсцiславам, Смаленскам, Вiцебскам i Полацкам».
Творы:
Рус. пер. — Путешествие в Московию. М., 1874;
Донесение императору Леопольду I о своем посольстве в Московию. М., 1882;
Альбом Мейерберга: Виды и бытовые картины России XVII в. СПб., 1903;
Путешествие в Московию // История России и дома Романовых в мемуарах современников XVII—ХХ вв.: Утверждение династии. М., 1997.
Лiтаратура:
Аделунг Ф. Барон Мейерберг и путешествие его по России: Пер. с нем. СПб., 1827;
Грыцкевiч В.П., Мальдзiс А.I. Шляхi вялi праз Беларусь. Мн., 1980.
© Алесь Белы, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне