Артыкулы: Фердынанд I Габсбург
Фердынанд I Габсбург (Ferdinand I Gabsburg) (10.3.1503—25.7.1564) — імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі ў 1556—1564, аўстрыйскі эрцгерцаг.
Актыўна змагаўся супраць княжацкай рэфармацыі ў Германіі, якая падрывала пазіцыі імператарскай улады. Разам а тым прыхільнік памяркоўнай рэформы каталіцкай царквы, схіляўся да кампрамісу з пратэстантамі і гусітамі. Адзін з ініцыятараў заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555. На Венскім з’ездзе 1515 у выніку дыпламатычнай місіі М.Радзівіла была дасягнута дамоўленасць аб шлюбе Ф. з Ганнай Ягелонкай, дачкой чэшскага і венгерскага караля Уладзіслава Ягелона (шлюб заключаны ў 1521) і аб магчымасці пераходу Чэхіі і Венгрыі ад Ягелонаў да Габсбургаў. Кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст быў двойчы жанаты з дочкамі Ф. і Ганны Ягелонкі: Лізаветай і Кацярынай; адным з ініцыятараў гэтых шлюбаў быў М.Радзівіл Чорны. Пасля разгрому венгерскай арміі туркамі пад Мохачам у 1526 і гібелі Людовіка II Ягелона Ф. абраны каралём Чэхіі і Венгрыі. Карыстаўся папулярнасцю ў «сепаратысцкай» часткі бел.-літ. грамадства, якая бачыла ў Габсбургах процівагу Польшчы. Яго паслы ў Вільні ў 1528 адзначалі, што літ. паны-рада больш спрыяюць Габсбургам, чым палякі, апрача К.Астрожскага. Выхадцы з ВКЛ удзельнічалі ў ваенных дзеяннях на баку Ф., напрыклад, І.С.Перасветаў, які ў 1535 быў нават яго паслом да малдаўскага гаспадара Пятра Рарэша. У 1532 І.Астрожскі, насуперак рашэнням сойма ВКЛ, прапаноўваў Ф. выставіць уласныя атрады для вайны з Турцыяй. У 1530-х г. у батанічным садзе Ф. у Празе працаваў Ф.Скарына,які, паводле некаторых меркаванняў, быў яго асабістым лекарам.
© Алесь Белы, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне