Артыкулы: Фларэнтыйская унія

Фларэнтыйская унія —арганізацыйнае аб’яднанне пад уладай рымскага папы ўсяленскіх каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, абвешчанае на царкоўным саборы ў г. Фларэнцыя (Італія).

Правасл. царква мусіла прызнаць каталіцкія догматы «філіокве» (зыходжанне Св. Духа не толькі ад Бога-Айца, але і ад Бога-Сына), існаванне чыстца і інш. пры захаванні абраднасці і богаслужэння на грэчаскай, царк.-слав. і інш. мовах, шлюбу белага духавенства, права свецкіх людзей прычашчацца віном — і такім чынам ператваралася ва уніяцкую царкву. Скліканы папам Яўгенам IV для заключэння уніі ўсяленскі сабор (1438—45), адкрыўся ў г. Ферара, прадоўжыў дзейнасць у Фларэнцыі (адсюль назва Фларэнтыйскі ці Ферара-Фларэнтыйскі са­бор) і закончыў у Рыме. Ініцыятарамі уніі побач з папствам былі кіруючыя колы Візантыйскай імперыі, у т.л. імператар Іаан VIII Палеалог і канстанцінопальскі патрыярх Іосіф II, якія спадзяваліся ў абмен на ўступы ў дагматыцы атрымаць ваенную дапамогу каталіцкага Захаду ў барацьбе з турэцкай пагрозай. З канца 14 ст. ідэю уніі паслядоўна спрабавалі рэалізаваць усе вял. князі літоўскія, найперш Вітаўт(гл. Канстанцкі сабор 141418),з мэтай узмацніць унутранае адзінства дзяржавы. Мітрапаліт кіеўскі ў ВКЛ Герасім [1432—35] з ведама вял. кн. Свідрыгайлы і канстанцінопальскага патрыярха вёў з Яў­генам IV перагаворы аб уніі,якая не была рэалізавана з-за пакарання смерцю Герасіма Свідрыгайлам у 1435. Дэлегацыю правасл. Кіеўскай мітраполіі (да 1458 адзінай у межах Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ) на Фларэнтыйскі сабор узначальваў мітрапаліт Ісідор. У яе склад уваходзілі суздальскі епіскап Аўрамій, Грыгорый Балгарын, аўтар «Аповесці пра Фларэнтыйскі сабор» манах Сімяон з Суздаля і інш. 5.7.1439 акт уніі быў падпісаны, а на наступны дзень яна ўрачыста абвешчана ў кафедральным саборы Фларэнцыі. З каталіцкага боку свае подпісы паставілі папа Яўген IV, 143 кардыналы, прымасы, біскупы іарцыбіскупы, з праваслаўнага — імператар Іаан VIII, мітрапаліты Антоній, Дасіфей, Ісідор і яшчэ 15 мітрапалітаў. Подпіс патрыярха Іосіфа II у акце адсутнічае, бо ён памёр 10.6.1439, але пакінуў дакумент, дзе засведчыў сваю згоду. У 1440 на зваротным шляху Ісідор спрабаваў увесці унію ў ВКЛ, але тут яна не была прынята. Апрача правасл. духавенства унія ігнаравалася і каталіцкімі іерархамі Польшчы і ВКЛ, якія адмовіліся ехаць на Фларэнтыйскі сабор і да 1443 не прызнавалі уніі і яе ініцыятара Яўгена IV і падпарадкоўваліся папе Феліксу V, абранаму Базельскім саборам, альтэрнатыўным Фларэнтыйскаму. Талерантна ставіліся да Ф.у. толькі ў Кіеве, Смаленску і некаторых інш. землях ВКЛ. Прызнаннем уніі кн. Юрый Лугвенавіч, які ў 1440—41 на кароткі час аднавіў незалежнасць Смаленскага княства ад ВКЛ, разлічваў мець падтрымку Рыма. Гэта таксама было адной з прычын непрызнання кіруючымі ко­ламі ВКЛ Ф.у. Яшчэ больш непрыхільна Ф.у. была сустрэта ў Маскве. Удзельнік сабора Ісідор быў зняволены, а потым уцёк праз ВКЛ у Рым. Большасць духавенства Візантыі таксама не прыняла Ф.у. Яна была адвергнута Іерусалімскім 1443 іінш. царк. саборамі, у т.л. Канстанцінопальскім саборам 1450.

Пасля аднаўлення ў 1458 асобнай ад маскоўскай Кіеўскай мітраполіі ў ВКЛ (з кафедрай у Новагародку) Ф.у. падтрымлівалася вял. кн. Казімірам IV. Ён прызначыў кіеўскім мітрапалітам прыхільніка Ф.у. Грыгорыя Балгарына. Але той, не здолеўшы ўвесці уніі ў ВКЛ, адмовіўся ад яе. Наступны кіеўскі мітрапаліт Місаіл арганізаваў зварот вышэйшых духоўных і свецкіх асоб да папы Сікста IV пра гатоўнасць працягваць справу уніі. Да пач. 16 ст. некаторыя кіеўскія мітрапаліты (як правіла, са смаленскіх епіскапаў, напр., Іосіф IІ)фармальна лічылі Ф.у. сапраўднай на тэр. Польшчы і ВКЛ. Аднак гэта фактычна не адбівалася на жыцці духавенства і вернікаў, хаця зрабіла, напр., магчымым выпуск папам адмысловых індульгенцый, збор ад якіх мусіў пайсці на адбудову Кіева, разбуранага ў 1482 крым­скім ханам Менглі-Гірэем. На прынцыпах Ф.у. была заснавана Берасцейская унія 1596,ідэолагі якой, асабліва Іпацій Пацей, часта звярталіся ў палеміцы да прыкладу Ф.у.

Літаратура:

Остроумов И.Н. История Фло­рентийского собора. М., 1847;

Попов А.Н. Историко-литературный обзор древнерусских полемических сочинений против латинян. М., 1875;

Павлов А.С. Критические опыты по истории древнейшей греко-русской полемики против латинян. СПб., 1878;

Архив Юго-Западной России. Ч. 1, т. 7. Киев. 1887;

Lewicki A. Unia Florenska w Polsce // Rozprawy Akademii Umiejętności. Wydział Historyczno-Filozoficzny. Ser. 2. Kraków, 1899. T. 13 (38);

Шпаков А.Я. Государство и церковь в их взаимных отношениях в Московском го­сударстве от Флорентийской унии до учреж­дения патриаршества. Ч. 1. Княженне В.В.Темного. Киев, 1904;

Пирлинг О. Россия и папский престол: Пер. с фр. Кн. 1. М., 1912;

Мощинская Н.В. Литературная история «Повести об осьмом Ферраро-Флорентийском соборе» Симеона Суздальского // Воп­росы русской литературы. М., 1971;

Acta Slavica Concilii Florentini // Concilium Florentinum: Documenta et Scriptores. Roma. 1976. Vol. 11;

Зимин А.А. Витязь на распутье. М., 1991;

З гісторыі уніяцтва ў Беларусі. Мн., 1996;

Макарий (Булгаков М.П.). История Русской Церкви. Кн. 5. М., 1996;

Halecki O. Od unii Florenckiej do unii Brzeskiej. T. 1. Lublin; Rzym, 1997.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.