Артыкулы: Фра Маўра (Fra Mauro)

Фра Маўра (Fra Mauro) (?—1459 або 1460) — картограф, манах кляштара Сан-Мікеле на венецыянскім востраве Мурана.

У 1457—59 па заказе партугальскага караля Альфонса V стварыў круглую кар­ту свету. Згубленая пазней, яна вядома ў аўтарскай копіі, зробленай для сената Венецыі. Твор Ф.М. — шэдэўр сярэдневяковай картаграфіі, дакладнасць і эстэтычныя вартасці якога значна пераўзыходзяць папярэднія аналагі. Гэта першая з вядомых карт, на якой пазначана Белая Русь, першая гіст. крыніца, у якой згадваецца Чорная Русь і вылучаюцца 3 «каляровыя» часткі Русі. З прычыны асабістага незнаёмства з усх.-слав. землямі Ф.М. дапусціў у гэтым рэгіёне шэраг грубых памылак. Паводле надпісу на карце, «Белая Русь ляжыць па той бок Белага мора, Чорная Русь — па той бок Чорнай ракі, а Чырвоная — па той бок Чырвонай ракі». Белая Русь (Rossia Biancha) пазначана побач з Ноўгарадам Вялікім, паміж Волгай i воз. Бе­лым, усе гэтыя аб’екты аднесены на З ад р. Кама. Белая Русь у Ф.М., як i у большасці зах.-еўрапейскіх аўтараў 13—16 ст., — гэта сінонім Наўгародскай зямлі або яе часткі, заселенай калісьці народнасцю вепсаў. Усх.-слав. землі ВКЛ вядомы Ф.М. пад назвай Чырвонай Pyci (Rossia Rossa), у якую ўваходзяць Kieў i Разань. Чорная Русь (Rossia Negra) паказана на правабярэжжы Акі.

Літаратура:

Il Mappamondo di Fra Mauro. Venezia, 1956;

Рыбаков Б.А. Русские карты Московии XV—начала XVI вв. М., 1974;

Harvey P.D.A. Medieval Maps. London, 1991;

Белы А. Хроніка Белай Русі = Chronicon Russiae Albae: Нарыс гісторыі адной геагр. назвы. Мн., 2000.

Белы Алесь. Хроніка Белай Русі: Імагалогія Беларусі ХІІ—XVIII стст. Смаленск: Інбелкульт, 2013. 468 с., іл.

© Алесь Белы, 2006, 2015

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.