Артыкулы: Абаленскі (Оболенский) Міхаіл Андрэевіч

Абаленскі (Оболенский) Міхаіл Андрэевіч [2(14).1.806, г. Тульчын Падольскай губ.—12(24).1.1873], расійскі гісторык, археограф. Князь. Скончыў Пажаскі корпус. Служыў у войску, удзельнічаў у задушэнні паўстання 1830—1831 у Польшчы. У 1831—1833 служыў у адміністрацыі Царства Польскага, з 1833 у Маскоўскім галоўным архіве Міністэрства замежных спраў (з 1840 упраўляючы). Сабраў і выдаў шмат крыніц па гісторыі Расіі, пераважна 16—17 ст. У «Зборніку князя Абаленскага» («Сборник князя Оболенского», Масква, вып. 1—12, 1838—59) змешчаны дакументы па абранні вял. князя ВКЛ Жыгімонта Старога каралём Польшчы (1506), матэрыялы пасольстваў ВКЛ у Маскву 1556, 1576, інструкцыя Жыгімонта III Л.Сапегу як паслу ў Маскву ў 1600, матэрыялы рас. пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1605 і пасольстваў Рэчы Паспалітай у Расію 1608 і 1615, дакументы пра дзейнасць самазванцаў у Расіі і інш. У зб. «Замежныя творы і акты, якія адносяцца да Расіі» («Иностранные сочинения и акты, относящиеся до России», Масква, вып. 1—4, 1847—48) апублікаваў ліст вял. гетмана ВКЛ М.Радзівіла Рудога і інш. дакументы пра бітву на Уле 1564, польскі дзённік ваен. паходу 1609 на Смаленск, матэрыялы пра Смутны час у Расіі і інш. Удзельнічаў у выданні «Кнігі пасольскай Метрыкі Вялікага княства Літоўскага…» (т. 1—2, 1843), кн. «Ярлык хана Залатой Арды Тахтамыша да польскага караля Ягайлы 1392—1399» («Ярлык хана золотой орды Тохтамыша к Польскому королю Ягайлу 1392—1399», Казань, 1850; тэкст арыгінала, стараж.-бел. пераклад). Выдаў «Супрасльскі рукапіс, які ўтрымлівае Наўгародскі і Кіеўскі скарочаныя летапісы» («Супрасльская рукопись, содержащая Новгородскую и Киевскую сокращенные летописи», Масква, 1836, гл. Супрасльскі рукапіс, Валынскі кароткі летапіс), «Летапісец Пераяслаўля Суздальскага» («Летописец Переяславля Суздальского», Масква, 1851), «Новы летапісец, складзены ў цараванне Міхаіла Фёдаравіча» («Новый летописец, составленный в царствование Михаила Федоровича», Масква, 1853) і інш. Чл. шматлікіх навук. т-ваў, у т.л. Віленскай археалагічнай камісіі.

Памёр у С.-Пецярбургу, пахаваны ў родавым маёнтку ў сяле Глухава Дмітраўскага павета Маскоўскай губерні.

Творы:

Оболенский М.А. Переписка по делу об открытии в Белоруссии иезуитского новициата // Сборник Русского Исторического Общества. СПб., 1867. Т. 1. С. 421—539;

Изследования и заметки князя М.А.Оболенского по русским и славянским древностям. (Приложения к сочинению его: «О первоначальной русской летописи». Москва. 1870, и др. статьи). СПб., 1875.

Літаратура:

Костомаров Н. Князь Михаил Андреевич Оболенский // Русский архив. 1873. № 2;

Бухерт В.Г. О работе П.И.Бартенева в архивах Министерства иностранных дел Археографический ежегодник за 1991 год. М., 1994. С. 99—104;

Бухерт В.Г. Археографическая деятельность князя М.А.Оболенского // Археографический ежегодник за 1994 год. М., 1996. С. 155—164;

Бухерт В.Г., Шохин Л.И. Обзор переписки М.А.Оболенского с историками Я.И.Бередниковым, Н.Г.Устряловым и А.Хыждеу // Археографический ежегодник за 1999 год. М., 2000. С. 277—285;

Экслибрисы и штемпели частных коллекций в фондах Исторической библиотеки. М., 2001.

© Валерый Пазднякоў, 2005, 2014

Карл Брулоў. Партрэт М.А.Абаленскага. 1846.

      

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.