Артыкулы: Сапега Юзаф Станіслаў
Сапега Юзаф Станіслаў (16.1.1708, Гданьск—12.1.1754) — дзяржаўны і рэлігійны дзеяч ВКЛ.
З роду Сапегаў. Да 1727 вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Браневе, пасля ў семінарыі Св. Крыжа ў Варшаве. У час бескаралеўя 1733 разам з большасцю родзічаў выступіў на баку Станіслава Ляшчынскага. Дзякуючы пратэкцыі канцлера ВКЛ Яна Фрэдэрыка Сапегі пасля пераходу на бок Аўгуста ІІІ у 1736 стаў віленскім каад’ютарам (намеснікам біскупа). У 1738 імкнуўся дасягнуць прыняцця на сойміках пастаноў супраць заняцця пасадаў у ВКЛ некатолікамі і чужаземцамі. У гэты час зблізіўся з Радзівіламі, аднак у 1740 з-за спадчынных спрэчак разышоўся з імі, кампраміс быў дасягнуты ў 1745. У 1747—48 у сувязі са спрэчкай з Масальскімі рабіў новыя спробы ўсталяваць саюз Сапегаў з Радзівіламі. У гэты час яго паліт. актыўнасць знізілася, і ён у асноўным займаўся дапамогай сваім пляменнікам Аляксандру і Міхалу Ксаверыю, а таксама кантраляваў выбары на сойміках у Вільні. Прымаў актыўны ўдзел у рэліг. жыцці ВКЛ. Выступаў супраць умяшання Расіі на баку праваслаўных. Пастараўся, каб скліканая па просьбе Расіі камісія па разгляду скарг праваслаўных і куды ён уваходзіў сам, бяздзейнічала. Насуперак Чартарыйскім дамогся зацвярджэння абранага уніяцкага мітрапаліта Фларыяна Грабніцкага. З 1738 збіраў уласную бібліятэку. З 1743 перапісваў кнігі, якія пазычаў у вядомых бібліяфілаў Яна Фрэдэрыка Сапегі, Юзафа Андрэя і Андрэя Станіслава Залускіх. Даследаваў і ўпарадкоўваў архівы Сапегаў. У 1740 разам з братам Міхалам Антоніем дамогся выдалення з падрыхтаванага да друку Валюміна легум (т. 6) антысапегаўскага «Генеральнай пастановы станаў ВКЛ пад Алькенікамі ўхваленай» 1700.
Літаратура:
Matuszewicz M. Diariusz życia mego. T. 1—2. Warszawa, 1986.
Karkucińska W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa. Warszawa, 2000.
Мацук А. Радзівілы і справа аб «нойбургскіх ўладаннях» у 1730—1740-я гады // Бел. гіст. часопіс. 2005. № 3.
© Андрэй Мацук, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


