Артыкулы: Баплан, Ле Васёр дэ Баплан (Le Vasseur de Beauplan) Гіём

Баплан, Ле Васёр дэ Баплан (LeVasseurdeBeauplan) Гіём (каля 1600, г.Дзьеп, Нармандыя ?—пасля 1.1.1675), французскі ваенны інжынер і картограф. Служыў у франц. арміі, з канца 1630 — у польскай. З 1632 на Украіне, дзе пабудаваў і аднавіў замкі ў Новым Канецполі, Крамянчугу, Кадаку, Бродах, Бары. З 1637 капітан артылерыі. Ваяваў супраць укр. казакоў і туркаў. У 1647 выехаў у Гданьск, пасля ў Францыю, дзе з 1665 інжынер на каралеўскай службе. З 1636 праводзіў на Украіне картаграфічныя работы, вынікам якіх стала выданне т.зв. «Генеральнай» карты Украіны (вядомы 6 варыянтаў гданьскага выдання 1648 і 6 варыянтаў французскага выдання 1660) і т.зв. «Спецыяльнай» карты Украіны (Б. скончыў складанне ў 1645 і збіраўся далучыць яе да сваёй кнігі з апісаннем Украіны; яна адлюстроўвала цэнтральную паласу Украіны, вядомы 4 варыянты гданьскага выдання 1650). Памочнікам Б. пры складанні «Генеральнай» карты (асабліва раёнаў Прычарнамор’я, Прыазоўя і Ніжняга Дняпра) быў Ю.Нарановіч-Наронскі. Выканаў серыю карт Рэчы Паспалітай, гравіраваных В.Гондзіусам у Гданьску ў 1652. Сярод іх карта «Вялікае княства Літоўскае і Белая Русь» («MagnusDucatusLithuaniaeetRussiaAlba»), дзе ўпершыню назва «Белая Русь» вынесена ў загаловак. На аснове сабранага багатага геагр., гіст. і этнаграфічнага матэрыялу выдаў т.зв. «Апісанне Украіны» («DescriptiondescontréesduRoyaumedePologne, contenuésdepuislesconfinsdelaMoscoviejusquesauxlimitesdelaTransilvanie»; Руан, 1651, наступныя выданні ў 1660 і 1661).

Творы: Пер. з франц.:

Описание Украины // Мемуары, относящиеся к истории Южной Руси. Киев, 1896. Вып. 2;

Опис України, кількох провінцій Королівства Польского, що тягнуться від кордонів Москвії до границь Трансільванії, разом з їхніми звичаями, способом життя і ведення воєн. Київ, 1990.

Літаратура:

Кордт В.В. Материалы по истории русской картографии. Вып. 1—2. Киев, 1899—1910;

Buczek K. Dzieje kartografii polskiej od XV do XVII wieku. Wrocław etc., 1963;

Казлоў Л.Р. Першыя карты Белай Русі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 4;

Alexandrowicz S. Józef Naroński współautorem Beauplanowskich map Ukrainy i Dniepru z połowy XVII wieku // Pax et Bellum. Poznań, 1993;

Ваврычын М. Карти України Гійома Боплана як історичне джерело // KartografiawojskowakrajówstrefybałtyckiejXVI—XXw. Toruń, 1996;

PernalA.B., EssarD.F. GuillaumeLeVasseur, SieurdeBeauplan // PrzeglądWschodni. 1992/93. Z. 2.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.