Артыкулы: Салагуб Антоній Юзаф

Салагуб Антоній Юзаф (?—6.9.1759) — дзяржаўны дзеяч. Генерал артылерыі ВКЛ з 1746.

З роду Салагубаў, сын Яна Міхала Салагуба і Алены з Шамоўскіх, брат Юзафа Антонія Салагуба. Вучыўся ў калегіуме Навадворскага ў Кракаве, Кракаўскім ун-це. Падарожнічаў па Францыі. У час вайны за польскую спадчыну 1733—38 у шэрагах французскіх войск ваяваў у Галанды і Італіі, за баявыя заслугі прызначаны палкоўнікам, быў двойчы цяжка паранены. Пасол на соймы 1740, 1744, 1746, 1748, 1750, 1752, 1754. На сойме 1740 падтрымаў пасэсараў «Нойбургскіх маёнткаў» у барацьбе супраць Радзівілаў. У час працы Трыбуналаў ВКЛ 1740 і 1741 разам з бацькам падтрымліваў Сапегаў супраць Радзівілаў. Потым перамяніў свае пазіцыі і ў 1744 ажаніўся на дачцы новагародскага ваяводы Мікалая Фаўстына Радзівіла Брыгіце Петранелі. У 1747 абраны ковенскім дэпутатам на Трыбунал ВКЛ, стаў трыбунальскім віцэ-маршалкам і фактычна кіраваў пасяджэннямі Трыбунала. Праяўляў малую актыўнасць у 1755—56 у канфлікце сваіх саюзнікаў Радзівілаў з Чартарыйскімі. У ліп. 1756 пагадзіўся на фінансавыя выдаткі на трыбунальскую кампанію 1757. Французскі пасол Дзюран беспаспяхова намагаўся перацягнуць яго ў прафранцузскую групоўку. У 1757 атрымаў ордэн Белага Арла. Памёр 6 верасня 1759 г. у дарозе ў Вільню.

Літаратура:

Skibiński M. Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką. Т. 1—2. Kraków, 1912.

Konopczyński W. Polska w dobie wojny siedmioletniej. T. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11.

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Czeppe M. Kamaryla Pana z Dukli: Kształtowanie się obozu politycznego Jerzego Augusta Mniszcha 1750—1763. Warszawa, 1998.

Мацук А.У. Унутрыпалітычная сітуацыя ў Вялікім княстве Літоўскім у 1739 г. // Памяць стагоддзяў на карце Айчыны. Мн., 2007.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.