Артыкулы: Салагуб Юзаф Антоній

Салагуб Юзаф Антоній (26.7.1709—4.5.1781) — дзяржаўны дзеяч. Кашталян жамойцкі (1742), віцебскі (1748), ваявода віцебскі (1752).

З роду Салагубаў, сын Яна Міхала Салагуба і Алены з Шамоўскіх, брат Антонія Юзафа Салагуба. У канцы 1720-х г. у замежным падарожжы. Пад час бескаралеўя ў 1733 падтрымаў кандыдата на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. Разам з ім быў у аблозе ў Гданьску. Пасля капітуляцыі Гданьска прызнаў уладу Аўгуста ІІІ. Потым збег у Каралявец да Станіслава Ляшчынскага і канчаткова прызнаў уладу Аўгуста ІІІ толькі ў 1736. У 1737 жамойцкі дэпутат Трыбунала ВКЛ, абраны маршалкам Духоўнага трыбунала ВКЛ. Пасол на соймы 1736, 1738, 1740. У 1750 атрымаў ордэн Белага Арла. Віцебскі дэпутат і маршалак Трыбунала ВКЛ 1751. З гэтага часу зблізіўся з Чартарыйскімі. Пры іх падтрымцы 7.10.1751 абраны віцебскім ваяводай. У 1758 насуперак пазіцыі Чартарыйскіх прызнаў выбар курляндскім герцагам каралевіча Караля. Гэта зблізіла яго з Радзівіламі. У 1759—60 актыўна дапамагаў жонцы памершага брата Антонія Юзафа Брыгіце Петранелі ў справе абароны Азярышчынскага стараства ад прэтэнзій кароннага гетмана Яна Клеменса Браніцкага. Быў малаактыўным саюзнікам Радзівілаў і ў час бескаралеўя 1763—64 адразу перайшоў на бок Чартарыйскіх. Прымаў прысягу на Пакта канвента караля польскага і вял. князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага і быў вызначаны ў склад соймавага суда. Адмовіўся прыняесці прысягу рас. імператрыцы Кацярыне ІІ пасля падзелу Рэчы Паспалітай 1772 са сваіх уладанняў, якія апынуліся ў Рас. імперыі. Кацярына ІІ за асаблівыя заслугі пакінула С. гэтыя ўладанні. У 1776 абраны ў Скарбовы дэпартамент Найвышэйшай Рады. Пасля не праяўляў актыўнасці ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай.

Літаратура:

Skibiński M. Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką. Т. 1—2. Kraków, 1912.

Konopczyński W. Polska w dobie wojny siedmioletniej. T. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11.

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Czeppe M. Kamaryla Pana z Dukli: Kształtowanie się obozu politycznego Jerzego Augusta Mniszcha 1750—1763. Warszawa, 1998.

Мацук А.У. Унутрыпалітычная сітуацыя ў Вялікім княстве Літоўскім у 1739 г. // Памяць стагоддзяў на карце Айчыны. Мн., 2007.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.