Артыкулы: «Фамілія»

«Фамілія» — у 18 ст. магнацкая групоўка Чартарыйскіх, іх родзічаў (Панятоўскіх, Яна Ежы Флемінга, Міхала Антонія Сапегі) і роду Масальскіх.

Пачала фарміравацца ў пач. 1720-х г., калі пры падтрымцы фельдмаршала Якуба Флемінга на першыя ролі ў прыдворнай партыі пачалі выходзіць: Станіслаў Панятоўскі і сям’я Чартарыйскіх (Казімір і яго сын Міхал). Мэтай новай прыдворнай групоўкі было ўзмацненне персанальнай уніі паміж Рэччу Паспалітай і Саксоніяй. У межах рэалізацыі гэтага плану ў 1720 Міхал Чартарыйскі ажаніўся з саксонскай падданай Элеанорай Вальдштайн. 16.12.1722 Панятоўскі атрымаў урад падскарбія ВКЛ. У 1724 Казімір Чартарыйскі саступіў сыну Міхалу ўрад падканцлера ВКЛ. 2-і сын Казіміра Аўгуст у 1731 ажаніўся з адной з найзаможнейшай нявест — Сафіі Сяняўскай. У 1731 Аўгуст Чартарыйскі атрымаў урад рус. ваяводы, а Панятоўскі — мазавецкага ваяводы. У 1728 Панятоўскі атрымаў урад генеральнага рэгіментара кароннага войска, што ў сітуацыі адсутнасці абодвух каронных гетманаў рабіла яго фактычным кіраўніком каронных войск. Усе спробы Аўгуста ІІ надаць Панятоўскаму ўрад вял. кароннага гетмана скончыліся марна з-за зрыву соймаў антыкаралеўскай апазіцыяй, якая не хацела такога ўммацавання прыдворнай партыі. У 1726 пад час хваробы Аўгуста ІІ Панятоўскі і Чартарыйскія пісьмова абяцалі падтрымаць кандыдата на трон Рэчы Паспалітай каралевіча Фрыдэрыка Аўгуста. Нягледзячы на гэта, пад час бескаралеўя з 1733 «Ф.» падтрымлівала Станіслава Ляшчынскага. Аўгуст Чартарыйскі і Панятоўскі былі разам з Ляшчынскім у аблозе ў Гданьску. Пасля захопу Гданьска рас. войскамі Аўгуст Чартарыйскі, Андрэй Залускі і Панятоўскі захоплены ў палон, але пасля прынясення імі прысягі на вернасць Аўгусту ІІІ вызваленны. Фельдмаршал Буркхард Мініх рэкамендаваў іх рас. двару як найбольш прыдатных для рэалізацыі рас. інтарэсаў у Рэчы Паспалітай. «Ф.» была зацікаўлена ў Расіі яшчэ больш. Адмова Чартарыйскіх пад час бескаралеўя падтрымаць кандыдатуру Аўгуста ІІІ і іх пераход на бок Станіслава Ляшчынскага пасварыла іх з саксонскімі міністрамі і прыхільнікамі Вецінаў у Рэчы Паспалітай. Сярод магнатаў, якія дапамаглі Аўгусту ІІІ умацавацца на троне Рэчы Паспалітай, была значная колькасць ворагаў Чартарыйскіх (напр., Міхал Вішнявецкі). Пад уплывам гэтага Панятоўскі пачаў шукаць падтрымкі Расіі для «Ф.» Яму ўдалося схіліць на свій бок рас. фельдмаршала Мініха, рас. паслоў Карла Густава Левенвольдэ і Германа Кайзерлінга. Пры іх пасрэдніцтве Панятоўскіатрымаў падтрымку фаварыта імператрыцы Іагана Бірана. З гэтага часу «Ф.» стала прарасійскай партыяй і заставалася такой да канца свайго існавання. Перад соймам 1740 «Ф.» пры пасрэдніцтве Расіі ўдалося наладзіць супрацоўніцтва з каралеўскім дваром. З гэтага часу пазіцыі «Ф.» на каралеўскім двары ўмацаваліся і яна ператварылася ў прыдворную партыю. З 1743 па 1752 «Ф.» беспаспяхова спрабавала рэалізаваць у Рэчы Паспалітай праграму рэформ. Супраць «Ф.» змагалася антыкаралеўская групоўка Патоцкіх. Падтрымка каралеўскага двара дазволіла «Ф.» ўмацаваць свае пазіцыі і ў ВКЛ, дзе яе кіраўніком быў Міхал Чартарыйскі. У 1741—43 «Ф.» знаходзілася ў кааліцыі з Сапегамі, Масальскімі і Салагубамі, змагалася супраць дамініравання Радзівілаў у ВКЛ. У 1744—49 разам з ранейшымі саюзнікамі Сапегамі і Масальскімі, а таксама Радзівіламі «Ф.» стварыла «вял. кааліцыю», якая кантралявала ўнутрыпаліт. сітуацыю ў ВКЛ згодна каралеўскім планам. Умацавала пазіцыі «Ф.» атрыманне ў 1744 Міхалам Масальскім урада польнага гетмана ВКЛ і далучэнне да яе падскарбія ВКЛ Яна Ежы Флемінга, які быў жанаты спачатку на дачцы Міхала Чартарыйскага Элеаноры, а потым на 2-й яго дачцы Антаніне. Пасля далучэння да «Ф.» ў 1748 Міхала Антонія Сапегі (ажаніўся на дачцы Міхала Чартарыйскага Аляксандры) «Ф.» пачала дамінаваць у ВКЛ. У 1752 Міхал Чартарыйскі стаў канцлерам ВКЛ і пад пагрозай зрыва сойма 1752 дамогся надання ўрада падканцлера ВКЛ свайму зяцю Міхалу Антонію Сапезе, што яшчэ больш умацавала пазіцыі «Ф.» ў ВКЛ. У пач. 1750-х г. пачалося ахалоджванне адносін «Ф.» з каралеўскім дваром, якое прывяло да разрыву ў 1754 у сувязі з планамі «Ф.» падзяліць Астрожскую ардынацыю. Супраць «Ф.» выступіла як прафранцузская групоўка вял. кароннага гетмана Яна Клеменса Браніцкага, так новая прыдворная партыя надворнага кароннага маршалка Ежы Мнішака. «Ф.» перайшла ў апазіцыю каралеўскаму двару і ў Кароне Польскай змагалася з групоўкай Мнішака, а ў ВКЛ — з іх саюзнікам групоўкай Радзівілаў. У 1756 і 1762—63 пры падтрымцы Расіі «Ф.» планавала арганізаваць антыкаралеўскія канфедэрацыі, але рас. ўрад у апошні момант адмяняў гэтыя планы. Рас. падтрымка дазволіла «Ф.» пасля смерці Аўгуста ІІІ пасадзіць на трон Рэчы Паспалітай у 1764 свайго прадстаўніка Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Яго прыход да ўлады прывёў да канфлікту ўнутры «Ф.» паміж каралём і яго братамі з Аўгустам і Міхалам Чартарыйскімі, што прывяло да распаду групоўкі.

Літаратура:

Kantecki K. Stanisław Poniatowski kasztelan krakowski, ojciec Stanisława Augusta. T. 1—2. Poznań, 1880.

Skibiński M. Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką. Т. 1—2. Kraków, 1912.

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Мацук А. Роль М.Чорторийського під час розподілу повітових урядів у ВКЛ в 40-х рр. XVIII ст. // Український історичний збірник. Київ, 2007. Вип. 10.

Яго ж. Wybór pisarzy Trybunału Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 40-h XVIII w. // Rzeczpospolita państwem wielu narodowości i wyznań, XVI—XVIII wiek. Warszawa; Opole, 2008.

Яго ж. Барацьба магнацкіх груповак вакол Трыбунала ВКЛ 1741 г. // Вестник Полоцкого гос. ун-та. Сер. А. Гуманитарные науки. 2009. № 7.

Яго ж. Барацьба магнацкіх груповак вакол Трыбунала ВКЛ 1743 г. // Украінскі історычні огляд. Київ, 2009. Вип. 12.

Яго ж. Узмацненне канфлікту паміж магнацкімі родамі Сапегаў і Радзівілаў і канчатковае афармленне антырадзівілаўскай кааліцыі // Бел. гіст. часопіс. 2009. № 10.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.