Артыкулы: Язерскі Бальцар (Jezierski Balcer)
Язерскі Бальцар (Jezierski Balcer) (?—1584?) — гаспадарчы і палітычны дзеяч.
Паходзіў з-пад Хойніцаў. З прускага шляхецкага роду герба «Рагаля», прыдомак Левальт.
У 1550 паступіў ва ўніверсітэт у Вітэнбергу. Спярша быў лютэранінам, перапісваўся з пратэстанцкімі тэолагамі, у тым ліку Швейцарыі (1564).
Дзякуючы падтрымцы вармскага біскупа Станіслава Гозія трапіў на двор канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага, які даручаў Язерскаму дыпламатычныя місіі. У 1559 і 1560 меў перагаворы з вюртэмбергскім герцагам у справе выдання замуж адной з сёстраў вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Аўгуста за якога-небудзь князя Свяшчэннай Рымскай імперыі. Па даручэнні Чорнага ездзіў у Рыгу. У 1573 Язерскі суправаджаў Сіротку ў складзе пасольства ў Францыю, якое запрашала Генрыка Валезы на панаванне ў Рэч Паспалітую (у складзе пасольства названы Ян Язерскі, магчына, гэта памылка).
Падчас замежнай вучобы Мікалая Крыштофа Сіроткі Язерскі ўвесь час суправаджаў яго як афіцыйны апякун. Язерскі суправаджаў Сіротку ў час падарожжа ў Італію ў 1566 і, відаць, там разам з Сіроткам перайшоў на каталіцтва.
Сіротка зрабіў Язерскага сваім найвышэйшым ураднікам (маршалкам), відаць, у 1567. У гэтай якасці Язерскі кіраваў не толькі княскім дваром, але і ўсімі яго маёнткамі ў час адсутнасці князя (у тым ліку, у 1580—1581, калі Сіротка ездзіў у Італію, у 1582—1584, калі Сіротка выехаў у Святую Зямлю). Язерскі кіраваў маёнткамі брата Сіроткі — Станіслава Радзівіла, калі той у 1578—1579 падарожнічаў у Іспанію.
У 1577 падчас пажару ў Клецку ў Язерскага згарэлі дзве скрыні з княскімі прывілеямі і дакументамі, якія прыйшлося аднаўляць[1].
За службу Язерскі атрымаў ад Сіроткі маёнтак Зэльву: у 1578 у заставу, а ў 1581 у дар, што пацвердзіў у 1581 кароль Стафан Баторый[2].
Жонка — Шэметаўна. Меў адну дачку.
Падрабазнасці:
Białkowski Leon. Lewaltowie Jezierscy herbu Rogala: szkic genealogiczny. Toruń: Nakładem autora, 1930. 21 s.
Chachaj Marian. Zagraniczna edukacja Radziwiłłów od początku XVI do połowy XVII wieku. Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 1995. 171 s.
Kempa Tomasz. Urzędnicy i klienci Mikołaja Krzysztofa Radziwiła Sierotki // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia historica. IX. Poznań: Wydawnictwo Poznańskie, 2003. S. 210—211.
© Валерый Пазднякоў, 2017
[1] КМФ-18.1.58.232-233 об.
[2] Описание рукописного отделения Виленской публичной библиотеки. Выпуск третий. Вильна, 1898. № 31, 58, 59. С. 33—34; КМФ-18.1.69.25 об.—26 об.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне