Артыкулы: Жодзішкі

Жодзішкі (цяпер вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., Рэспубліка Беларусь), мястэчка ў Ашмянскім пав., на р. Вілія. Вядомы з 1511, калі тут заснаваў мястэчка і збудаваў замак Станіслаў Мішкавіч Мордас, а вял. князь літоўскі Жыгімонт І выдаў яму прывілей на трыманне корчмаў і правядзенне таргоў. Мордас у 1512 перадаў Ж. Рыгору Станіслававічу Осціку, якому Жыгімонт І у 1516 выдаў прывілей на 4 кірмашы ў год у Ж. У 1567 у Ж. упамінаецца касцёл, у 1579 — Жодзішкаўскі кальвінскі збор (у пач. 19 ст. у закінутым мураваным будынку збора ўладкаваны касцёл). У 17 ст. Ж. валодалі Камары. У пач. 17 ст. Геранім Камар збудаваў драўляны касцёл Св. Тройцы, а яго сын Крыштоф у 1612 фундаваў пры касцёле плябанію і парафіяльную школу. У 1708 Барбара з Камароў Мінкевіч заснавала Жодзішкаўскі езуіцкі калегіум, якому перадала ў валоданне Ж. У 1734, у час Вайны за польскую спадчыну 1733—38, Ж. разбураны рас. войскамі. Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) правы на Ж. перайшлі Адукацыйнай камісіі, якія перадала іх у валоданне Станіславу Шчэнснаму Патоцкаму, а той саступіў ген.-м. Тэадору Ласкарысу, які выплочваў Адукацыйнай камісіі чынш з мястэчка. У 1774 кароль польскі і вял. князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў Ж. гарадскі прывілей. У 1790 у маёнтку Ж. каля 650 жыхароў, 93 сялянскіх дыма, 2 карчмы. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.

Літ.: Tyszkiewicz K. Wilija i jej brzegi, pod względem hydrograficznym, historycznym i archeologicznym i etnograficznym. Drezno, 1871.

© Валерый Пазднякоў, 2017

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.