Артыкулы: Барастус (Borastus) Гжэгаж
Барастус (Borastus) Гжэгаж (сапр. Грэгэр Ларсан, Greger Larsson; каля 1577, г. Нурчопінг, Швецыя—1656), дзеяч каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай, паэт, гісторык. Д-р тэалогіі і абодвух правоў (каля 1605). Са шведскай сям’і прыхільнікаў вял. князя ВКЛ і караля польскага Жыгімонта ІІІ. У маладым узросце ўцёк са Швецыі і праз Літву пераехаў у Вармію, дзе як каралеўскі стыпендыят вучыўся ў Брунсбергскім езуіцкім калегіуме, з 1593 ў Віленскай акадэміі, пасля ў Рыме і Парыжы. З 1607 ксёндз. Аўтар панегірыкаў М.К.Радзівілу Сіротку (Вільня, 1594) і Л.І.Сапегу (Брунсберг, 1602), зборніка рэліг. вершаў «Паэтычны тэатрыдыюм» («Theatridiumpoeticum», Вільня, 1604). Дзякуючы кн. «Панегірык Жыгімонту ІІІ» («PanegyricusSigismundiIII», Вільня, 1611; пра ўзяцце Смаленска ў 1611) быў прызначаны пісарам каралеўскай канцылярыі, з 1611 лацінскі каралеўскі сакратар, бібліятэкар (пасля 1620), ганаровы капелан, намінальны шведскі канцлер. Канонік вармінскі (з 1623), кракаўскі і варшаўскі, пробашч у Вішняўцы каля Крамянца. У брашуры «Слупы зняважлівай прамовы» («Columniaeorationismaledicae», Фрыбур, 1620) бараніў Жыгімонта ІІІ ад нападак шведскага пасла ў Лондане Я.Скітэ. У кн. «Крытыка твораў» («Eventilatiolitterarum», Брунсберг, 1623) падтрымаў езуітаў у іх спрэчцы з Кракаўскай акадэміяй. Напісаў каталіцкую гісторыю Швецыі ад 800 да Эрыка IV (рукапіс загінуў). Заснаваў стыпендыю ў Кракаўскай акадэміі для 6 вучняў са Швецыі, Прусіі і Курляндыі (BursaBorastiana).
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне