Артыкулы: Янкоўскі Чэслаў Карлавіч
Янкоўскі Чэслаў Карлавіч (псеўд. Чэслаў, Літвін, Ашмянчук і інш.; 8.12.1857, в. Паляны Ашмянскага пав.—6.10.1929), гісторык, паэт, публіцыст, палітычны дзеяч. З заможнага шляхецкага роду. Скончыў гімназію ў Мітаве, вучыўся ў Варшаўскім і Кракаўскім ун-тах. Жыў у родавым маёнтку Паляны, Вільні, Варшаве, С.-Пецярбургу. Супрацоўнічаў у пецярбургскім часопісе «Kraj» («Край», у 1902—04 яго сакратар, фактычна рэдактар), у 1905—07 рэдактар віленскай газеты «KurierLitewski» («Літоўскі веснік»), у 1907 заснаваў штотыднёвік «Głos Polski» («Польскі голас»). Удзельнічаў у заснаванні Таварыства сяброў навук у Вільні (1907). Прытрымліваўся кансерватыўных поглядаў. У 1906 член 1-й Дзярж. думы, уваходзіў у фракцыю «Група дэпутатаў ад заходніх губерняў» («Група заходне-крэсовая»). Удзельнічаў у руху краёўцаў, падтрымліваў Канстытуцыйна-каталіцкую партыю Літвы і Беларусі, варожа ставіўся да бел. нацыянальнага руху і культуры. У 1920-я г. супрацоўнічаў у віленскім кансерватыўным час. «Słowo» («Слова»). Аўтар паэтычных зборнікаў, гіст.-краязнаўчых прац, перакладаў з рус., нямецкай, чэшскай, французскай моў. У гіст.-этнаграфічных нарысах «Ашмянскі павет: Матэрыялы да гісторыі краю і людзей» («Powiat Oszmiański: Materjały do dziejów ziemi i ludzi», т. 1—4, С.-Пецярбург; Кракаў, 1896—1900) даў грунтоўную характарыстыку Валожыншчыны, Смаргоншчыны, Маладзечаншчыны, выклаў гісторыю знакамітых шляхецкаіх родаў краю, маёнткаў, мястэчак, касцёлаў, кальвінскіх збораў, друкарняў. Выдаў карэспандэнцыю К.С.Радзівіла Пане Каханку («Korespondencya księcia Karola Stanisława Radziwiłła wojewody wileńskiego "Panie Kochanku", 1744—1790: Z archiwum w Werkach», Кракаў, 1898).
Тв.: Po Europie: kartki z podróży. Warszawa, 1893; Wspomnienia. Warszawa, 1904; Na marginesie literatury: szkice i wrażenia. Kraków, 1906; W ciągu dwóch lat...: przyczynek do dziejów prasy polskiej na Litwie. Warszawa, 1908; Naród polski i jego ojczyzna. Warszawa, 1914; Sto lat temu: od lipca 1814 do lipca 1815. Warszawa, 1914; Na gruzach Turcji: zarysy historyczno-publicystyczne. Warszawa, 1915; Z dnia na dzień: Warszawa 1914—1915 Wilno. Wilno, 1923; Z czeczotkowej szkatułki: odgłosy ginącego świata. Wilno, 1926.
Літ.: Смалянчук А.Ф. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905—1907 гг. Гродна, 2000; Яго ж. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй: Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях, 1864—1917. Гродна, 2001; Fedorowicz I. W służbie ziemi ojczystej: Czesław Jankowski w życiu kulturalnym Wilna lat 1905—1929. Kraków, 2005.
© Валерый Пазднякоў, 2017
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне