Артыкулы: Абаленскі (Оболенский) Іван Фёдаравіч
Абаленскі (Целяпнёў Аўчына; Оболенский Телепнёв Овчина) Іван Фёдаравіч (?—крас. 1538), расійскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Князь, з 1532 баярын. Служыў ваяводам у Туле (1511), Старадубе (1512, 1517, 1519), Тарусе (1520, 1522), Рослаўлі (1527, 1529), Каломне (1529, 1534), намеснікам у Калузе (1527), удзельнічаў у войнах супраць крымскіх і казанскіх татараў. Прымаў удзел у ваенных дзеяннях супраць ВКЛ у 1515, 1518 (пасланы пад Магілёў), 1519 (дзейнічаў са Старадуба). Жыгімонт І Стары прысылаў яму запрашэнне перайсці на яго бок. Гэта стала вядомым маскоўскім уладам і было прадметам следства, аднак справа скончылася станоўча для А. Узвысіўся пасля смерці вял. князя маскоўскага Васіля ІІІ Іванавіча (1533). Сігізмунд Герберштэйн паведамляе, што А. стаў фаварытам правіцельніцы Маскоўскай дзяржавы Алены Глінскай. З 1534 канюшы, галава Баярскай думы. Дамогся зняволення Міхаіла Глінскага (жн. 1534) і захапіў першынства ва ўрадзе. Працягваў вайну з ВКЛ 1534—37. На чале войск у кастр. 1535 хадзіў да Вільні, у 1536 — пад Мсціслаў. Пасля вёў перагаворы аб перамір’і з пасламі ВКЛ. Захавалася перапіска А. 1535—36 са сваім стрыечным братам Фёдарам Васілевічам Абаленскім, які трапіў у літоўскі палон, і гетманам ВКЛ Юрыем Мікалаевічам Радзівілам. Пасля смерці Глінскай (3.4.1538) быў зняволены баярамі і памёр у вязніцы.
Літаратура:
Зимин А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине XV—первой трети XVI в. М.: Наука, 1988;
Кобрин В.Б. Материалы генеалогии княжеско-боярской аристократии XV—XVI вв. М.: РГГУ, 1995;
Радзивилловские акты из собрания Российской национальной библиотеки: Первая половина XVI в. / Сост. М.М.Кром. М.; Варшава, 2002.
© Валерый Пазднякоў, 2010, 2014
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне