Артыкулы: Баратынскія

Баратынскія, княжацкі род герба «Астоя». Паходзілі ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў гарадоў Таруса і Мезецк. У 14 ст. Тарусай валодаў кн. Юрый Міхайлавіч, сын Міхаіла Усеваладавіча, у пач. 15 ст. жылі яго праўнукі Андрэй і Дзмітрый Усеваладавічы Мезецкія, ад апошняга паходзяць князі Б. Прозвішча ад с. Баратынь на р. Клятоме каля Мезецка (цяпер Калужская вобл.). У 17—18 ст. Б. займалі дзярж. пасады ў Расіі і шматлікія пасады ў Аршанскім пав. ВКЛ. Найб. вядомыя ў ВКЛ:

Аляксандр Андрэевіч (?—?), сын Андрэя Усеваладавіча. Першы ў родзе стаў карыстацца прозвішчам Б. Меў сыноў Рыгора, Дзмітрыя, Фёдара, Льва, якія служылы вял. маскоўскаму князю. Мірным дагаворам 1494 паміж ВКЛ і Масквой устаноўлена, што ўсе князі Б. і іх уладанні падлягаюць юрысдыкцыі Маскоўскай дзяржавы.

Іван Львовіч (?—да 1537), сын Льва Аляксандравіча. Уцёк з Маскоўскай дзяржавы ў ВКЛ, дзе стаў пачынальнікам літоўскай лініі роду (яго жонцы было дазволена выехаць у 1512). У 1516 і 1529 атрымаў уладанні ў Мейшагольскай вол. У 1525 судзіўся з князямі Свірскімі з-за Кабыльнікаў. Валодаў Дусятамі. У 1528 ставіў у войска ВКЛ 8 коннікаў. Быў жанаты з дачкой кн. І.Л.Вяземскага, з якой меў сыноў Івана, Багдана, Мікалая (Міську), Яську, дачок Аўдоццю (жонка кн. Ц.Ю.Друцкага-Саколінскага), Ганну (жонка А.Длускага) і Палонію.

Мікалай Іванавіч (?—пасля 1563), сын Івана Львовіча. Ад маці атрымаў маёнткі каля Лукомля, Пірошыцы. Яго сынам быў, верагодна, Ян (Януш) Б. — паборца аршанскі ў 1578, які памёр да 1592.

Мікалай (?—пасля 1648), сын Януша. Аршанскі стольнік з 1604, падсудак з 1627, суддзя земскі ў 1638—48. У 1648 удзельнічаў у элекцыі караля Яна ІІ Казіміра.

Найб. вядомыя ў Расіі:

Юрый Фёдаравіч (Мочка; ?—пасля 1564), сын Фёдара Фёдаравіча. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1560 удзельнічаў у паходзе пад Вільню, быў галавой у палку правай рукі кн. П.І.Шуйскага. Трапіў у палон і выкуплены царом Іванам IV.

Пётр Іванавіч (?—пасля 1598), сын Івана Васілевіча. У 1569 другі ваявода вял. палка ў паходзе на Ізборск, захоплены войскам ВКЛ. У 1581 у Пскове адзін з военачальнікаў, што кіравалі абаронай горада ад войск Стафана Баторыя. Пасля 1-ы ваявода ў Холме, пры захопе горада быў узяты ў палон, потым адпушчаны.

Іван Міхайлавіч (?—пасля 1601), сын Міхаіла Фёдаравіча. У 1580 у Кукенойсе 2-і ваявода пярэдняга палка. 2-і ваявода левай рукі ў паходзе да Ржэвы і Вял. Лук, у час якога быў разбіты атрад ВКЛ каля Шклова. У 1581, пасля адыходу з Ржэвы, разбіты М.Радзівілам Рудым.

Якаў Пятровіч (?—пасля 1613), сын Пятра Іванавіча. У 1604 адзін з ваявод у Ноўгарадзе-Северскім, што супрацьстаялі з войскамі Лжэдзмітрыю І. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 у 1609 ваявода ў Дарагабужы, атрымаў некалькі перамог, узяў Вязьму. У 1610 адзін з рас. паслоў да Жыгімонта ІІІ, што запрашалі на рас. трон каралевіча Уладзіслава. У 1613 у складзе пасольства мітрапаліта Філарэта ў Польшчу, быў там затрыманы.

Мікіта Пятровіч (?—1630), сын Пятра Іванавіча. У 1616 ваявода ў Ржэве, быў пасланы да Дарагабужа ваяваць з А.Гасеўскім і даставіць харч пад Смаленск. У 1617 разбіў каля Дарагабужа полк Чаплінскага. У 1618 другі ваявода ў Маскве, адбіваў напад войск Рэчы Паспалітай.

Васіль Раманавіч (?—1634), сын Рамана Васілевіча. У 1617 палкавы соценны галава, пасланы з сотняй пад Дарагабуж, дзе даў бой атраду ВКЛ, паланіў С.Я.Масальскага і Раткевіча.

Даніла Афанасьевіч (?—пасля 1688), сын Афанасія Сямёнавіча. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1659 3-ці ваявода ў Смаленску. У 1662 у Смаленску таварыш кн. П.А.Далгарукава, быў пасланы ваяваць пад Полацк. У 1664 ваявода, пасланы пад Віцебск. У 1665 ваявода ў Вял. Луках. У 1665 у Віцебску з Наўгародскім палком. З 1688 баярын.

Юрый Мікітавіч (?—пасля 1671), сын Мікіты Пятровіча. У 1653 быў у складзе пасольства ў ВКЛ. У 1655 у Смаленску, галава жыльцоў у царскім палку. 15.6.1655 пасланы з Копысі на р. Бярэзіна, 21.6.1655 разбіў атрад ВКЛ пад Барысавам. У час паходу кн. С.А.Урусава з Коўна да Берасця 2-і ваявода ў яго войску, разбіў атрады ВКЛ каля Белых Пяскоў і Вярховіч. У 1662 з палком у Бранску, у 1663 у Смаленску, таварыш кн. Я.К.Чаркаскага, у 1664 у Смаленску, Бранску і Сеўску, у 1665 у Дарагабужы, Шклове і Магілёве. З 1671 баярын.

Літаратура:

Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895;

Власьев Г.А. Потомство Рюрика: Материалы для составления родословий. Т. 1, ч. 2. СПб., 1906.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.