Артыкулы: Барбара Радзівіл

Барбара Радзівіл (6.12.1520—8.5.1551), каралева польская і вялікая княгіня літоўская (1550—51), 2-я жонка Жыгімонта ІІ Аўгуста. Дачка кашталяна віленскага і вял. гетмана ВКЛ Ю.Радзівіла. У 1537 аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за новагародскага (пазней троцкага) ваяводу С.Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вял. князя да Б. імкнуліся выкарыстаць для ўмацавання ўласных пазіцый яе брат М.Радзівіл Руды і стрыечны брат М.Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Б. з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім польскага трона (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі магнаты і шматлікая шляхта, незадаволеныя ростам уплывовасці Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Б. была настроена свякроў каралева Бона Сфорца. У 1548 сойм у Пётркаве выступіў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіцыйнага прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключыўшы саюз з Габсбургамі. Б. была каранавана ў Кракаве 7.12.1550, але ў хуткім часе памерла (некаторыя гісторыкі лічаць, што яе атруцілі). Пахавана ў Віленскім кафедральным касцёле. Гісторыі рамантычнага кахання Б. з Жыгімонтам Аўгустам прысвечаны шматлікія мастацкія творы.

Літаратура:

Kuchowicz Z. Barbara Radziwiłłówna. 4 wyd. Łódź, 1989;

Шышыгіна-Патоцкая К.Я. Чорная дама Нясвіжскага замка. Мн., 1992;

Рудзкі Э. Барбара Радзівілянка — другая жонка Жыгімонта Аўгуста: Пер. з польск. // Спадчына. 1994. № 5;

Русецкая Н. Лісты Барбары Радзівілянкі да караля Жыгімонта Аўгуста // Там жа. 1997. № 6;

Ragauskienė R. BarboraRadvilaitė. Vilnius, 1999;

Чаропка В. Каралева кахання Барбара Радзівіл // Беларускі гістарычны часопіс. 2002. № 6.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.