Артыкулы: абласныя прывілеі
абласныя прывілеі — прававыя акты ВКЛ, якія рэгулявалі прававыя адносіны ў пэўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках (землях, ваяводствах, паветах) і паміж гэтымі адзінкамі і палітычным цэнтрам дзяржавы.
Выдаваліся вял. князямі літоўскімі. А.п. абаранялі ў асноўным інтарэсы шляхецкага саслоўя як на месцах, так і ў агульнадзярж. маштабе. У меншай ступені ў А.п. ўлічвалі інтарэсы і рэгулявалі ўзаемасувязі са шляхтай інш. пластоў грамадства — духавенства, сялян, мяшчан, гарадскіх дваран, паспольства, чорных людзей і інш. У А.п. знайшлі адлюстраванне працэсы тэрытарыяльнай інтэграцыі ВКЛ, уваходжання асобных тэрыторый ВКЛ у склад адзінай прававой прасторы. Гісторык Я.Якубоўскі меркаваў, што яшчэ ў 1-й пал. 14 ст. палачане заключалі са сваімі князямі пагадненні, прававыя нормы якіх пасля ўвайшлі ў склад мясцовых А.п. Выдача А.п. была абумоўлена недастатковай інтэграцыяй дзяржавы да 17 ст., неабходнасцю ўлічваць мясц. інтарэсы ў ходзе працэса централізацыі ВКЛ, служыла сродкам перацягвання мсцовых эліт на бок пэўнага правіцеля ВКЛ і ходзе барацьбы за ўлады розных феад. груповак. Я.Якубоўскі зрабіў рэканструкцыю тэкстаў полацкіх прывілеяў вял. князёў Вітаўта (каля 1392—99) і Жыгімонта Кейстутавіча (каля 1436—40), віцебскага прывілея Вітаўта (канец 14 ст.). Захаваліся А.п.: бельскія 1501, 1547, 1563; валынскія 1392, 1432, 1452, 1501, 1503, 1509, 1547; віцебскія 1481, 1503, 1509, 1541, 1547, 1561, 1576, 1582, 1592; дарагічынскія 1445, 1494, 1507, 1511, 1516, 1522, 1547; жамойцкія 1492, 1507, 1545, 1569, 1574, 1576, 1589; кіеўскія 1471, 1507, 1529; мсціслаўскія 1541, 1551; новагародскі 1440; полацкія 1486, 1492—98, 1499, 1511, 1547, 1580, 1589, 1593; смаленскія 1447, 1453, 1505, 1513 і інш. У 17 ст. А.п. неаднаразова пацвярджаліся манархамі Рэчы Паспалітай, што мела больш сімвалічны характар, бо ў гэты час панавалі агульнадзярж. прававыя нормы.
Падрабязнасці:
Ясинский М.Н. Уставные земские грамоты Литовско-Русского государства. Киев, 1889;
Леонтович Ф.И. Источники русско-литовского права: Общий обзор источников. Договоры. Земские и областные привилеи. Варшава, 1894;
Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского // Журн. М-ва нар. просвещения. 1903. № 4, 6;
MachovenkoJ. Nielietuviškų žemių teisinė padėtis Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje (XIV—XVIII a.). Vilnius, 1999;
Žemaitijos žemės privilegijos XV—XVII a. / Parengė D.Antanavičius ir E.Saviščevas. Vilnius, 2010;
Polechow S. Przywileje dzielnicowe Wielkiego Księstwa Litewskiego: Stan i perspektywy badań // Czasopismo Prawno-Historyczne. 2014. Z. 2;
Пазднякоў В.С. Помнікі права Беларусі XIV—XVI стст.: Абласныя прывілеі. Мн., 2018.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне