Артыкулы: Саламярэцкі Багдан Іванавіч
Саламярэцкі Багдан Іванавіч (хроснае імя Алімпій) (?—7.9.1602) — дзяржаўны дзеяч, дзеяч праваслаўнай царквы.
З роду князёў Саламярэцкіх. Бацька: Іван Васілевіч Саламярэцкі (?—паміж 1577 і 1579). Маці: Ганна з Глябовічаў.
У маладосці пры двары Жыгімонта Аўгуста, пасля ў войску. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—1582, у 1579 даходзіў з войскамі да ваколіц Рослава і Смаленска.
З 1580 дзяржаўца крычаўскі і алучыцкі. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1596. Змагаўся з казакамі Севярына Налівайкі (1596).
Апекваўся праваслаўнай царквой. У 1586 пабудаваў у Вендарожы новую царкву. У 1588 заклаў у Крычаве праваслаўнае брацтва. У 1593 надаў новы фундуш Прачысценскай царкве ў Буйнічах. У 1594 пабудаваў новую Георгіеўскую царкву ў Баркулабаве і заснаваў манастыр пры ёй. Даў фундуш Георгіеўскай царкве на Іллінскай гары ў Магілёве (1594), дзе заснаваны манастыр. Пабудаваў царкву ў закладзеным ім мястэчку Багданава. Выступаў супраць заключэння Берасцейскай уніі 1596. На Віленскім з’ездзе 1599 пратэстантаў і праваслаўных С. быў абраны ў склад правізараў царкоўных спраў. Утрымліваў пры сваім двары як выхавацеля дзяцей Лаўрэнція Зізанія і Мялеція Сматрыцкага.
Маёнткі: Саламярэчча (Старое Саламярэчча), Гарадок Саламярэцкі (Сёмкаў), Хатовічы, Прылепы (Менскі павет); Касін; Кельмы, Дабікінты (Жамойць); Баркулабаў, Буйнічы, Шупень, Чайкі, Домжарычы, Хадушэвічы, Дасовічы, Бялевічы, Сірадовічы, Навасёлкі (Аршанскі павет); Залессе, Арэхаўна (Полацкае ваяводства); Ледзяневічы, Обаль (Віцебскі павет); Палоніца (Мсціслаўскае ваяводства). Заснаваў мястэчкі Баркулабаў, Багданава на р. Дашкоўцы.
Памёр у Крычаве. Пахаваны ў манастырскай Пакроўскай царкве ў Старым Саламярэччы.
Жонка (шлюб 8.8.1583 у Вільні): Ева/ Еўдакія Баркулабаўна з Корсакаў (?—1626), бацька: Баркулаб Іванавіч Корсак (?—1576), дзяржаўца свіслацкі, падстараста магілёўскі, стараста дзісенскі; 1-ы муж: Януш Чартарыйскі (?—1581).
Сын: Багдан (хроснае імя Ісак) (30.5.1589, г. Крычаў—1630).
Дочкі: Крысціна (?—пасля 1634; муж (з 1600): Пётр Ярашавіч Жыжэмскі (?—1618), стараста рэчыцкі); Рэгіна (?—пасля 1634; муж: Юрый Абрамавіч Мялешка (?—да 1641), харужы слонімскі); Марына (?—пасля 1627; 1-ы муж: Войцех Пятровіч Дарагастайскі (?—1613); 2-і муж: Марцыян Вацлававіч Гурскі (?—1633), харужы віленскі); Алена (?—1640; 1-ы муж: Каспер Швыйкоўскі (?—1619), падкаморы віцебскі; 2-і муж: Багдан Вільгельмавіч Статкевіч (?—1651?), падкаморы віцебскі, кашталян новагародскі; шлюб каля 1621).
Падрабязнасці:
Харлампович К. Западнорусские православные школы XVI и начала XVII века, отношение их к инославным, религиозное обучение в них и заслуги их в деле защиты православной веры и церкви. Казань, 1898. XIII, 524, LXII с.
Сліж Н. Сямейныя адносіны і шлюбныя стратэгіі Саламярэцкіх у 16—першай палове 17 ст. // Гістарычны альманах. Навуковы гістарычны і краязнаўчы часопіс. Т. 11. Гародня; Беласток, 2005. С. 86—121.
Сліж Н.У. Царква і манастыр у Старым Саламярэччы // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Выпуск 6. Мінск: БелНДІДАС, 2008. С. 203—212.
Сліж Наталля. Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Смаленск: Інбелкульт, 2015. 671 с., іл.
Kempa Tomasz. Sołomerecki (Sołomierecki, Sołomirecki) Bohdan Iwanowicz // PSB. T. XL/3. Z. 166. Warszawa; Kraków, 2001. S. 326—327.
© Валерый Пазднякоў, 2020
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


