Артыкулы: Саламярэцкі Іван Васілевіч

Саламярэцкі Іван Васілевіч (?—1582) — дзяржаўны дзеяч.

З роду князёў Саламярэцкіх. Бацька: Васіль Іванавіч Саламярэцкі (?—да 8.9.1540). Маці: Ганна Іванаўна з Уладыкаў.

У маладосці гаспадарскі дваранін (прынамсі з 1538). У 1541—1552 дзяржаўца аiнскi ў 1541—1552, дабосненскi ў 1552—1555, глускi ў 1552—1556, быхаўскi ў 1555—1556, стараста мсцiслаўскi i радамльскi з 1558, першы кашталян мсцiслаўскi з 1566.

Удзельнічаў у абароне ўсходняй мяжы ВКЛ у час Інфлянцкай вайны 1558—1582. У 1566 стаў першым кашталянам мсціслаўскім, захаваўшы пасады старасты мсціслаўскага і радамльскага. У 1573 удзельнічаў у абранні на трон Рэчы Паспалітай Генрыка Валезы.

Маёнткі: Саламярэчча, Гарадок Саламярэцкі (Сёмкаў), Плешчанічы, Гогаліца (Менскі павет); Асташын (Новагародскі павет); Кельмы, Дабікінты (Жамойць); дзяржавы Айна (Гайна), Глуск, Дабосна, Быхаў.

Апекваўся праваслаўнай царквой. Манастыр у Саламярэччы дадаткова фундаваў.

Пахаваны ў манастырскай Пакроўскай царкве ў Саламярэччы.

Жонка 1-я: Багдана з Сапегаў (?—1550; бацька: Павел Іванавіч Сапега (?—1579), маршалак гаспадарскі). Дзяцей у шлюбе не было.

Жонка 2-я (шлюб у 1551): Ганна з Глябовічаў (?—паміж 27.4. і 1.5.1593; бацька: Ян Глябовіч, ваявода віленскі).

Сын: Багдан Іванавіч (?—7.9.1602).

Дочкі: Марына/ Раіна (?—пасля 1593; муж: Ян Нарушэвіч (?—каля 1613), лоўчы ВКЛ); Барбара (?—пасля 1587; муж 1-ы: Канстанцін Юр’евіч Хадкевіч (?—1571); муж 2-і (шлюб з 1572): Станіслаў Давойна (?—1573), ваявода полацкі); муж 3-і: Філіп Жданавіч Лімант).

Падрабязнасці:

Сліж Н. Сямейныя адносіны і шлюбныя стратэгіі Саламярэцкіх у 16—першай палове 17 ст. // Гістарычны альманах. Навуковы гістарычны і краязнаўчы часопіс. Т. 11. Гародня; Беласток, 2005. С. 86—121.

Сліж Н.У. Царква і манастыр у Старым Саламярэччы // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. Выпуск 6. Мінск: БелНДІДАС, 2008. С. 203—212.

Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI ст. (з актавых кніг Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) / Складальнікі: А.Ф.Аляксандрава, В.У.Бабкова, І.М.Бобер. Мінск: БелЭн, 2012. 736 с., іл.

Сліж Наталля. Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Смаленск: Інбелкульт, 2015. 671 с., іл.

Kempa Tomasz. Sołomerecki (Sołomierecki, Sołomirecki) Iwan Wasylewicz // PSB. T. XL/3. Z. 166. Warszawa; Kraków, 2001. S. 327—329.

© Валерый Пазднякоў, 2020

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.