Артыкулы: Салагуб (Давойна-Салагуб) Ян Міхал
Салагуб (Давойна-Салагуб)Ян Міхал (?—8.5.1748) — дзяржаўны дзеяч.
З шляхецкага роду герба «Праўдзіц». Бацька: Геранім Салагуб (?—пасля 15.5.1708), чашнік ковенскі, стараста лаўмянскі і давідзянскі. Маці: Кацярына Ганна з Гротусаў.
У маладосці служыў у войску, удзельнічаў у Паўночнай вайне 1700—1721, паручнік, обершлейтэнант. У 1708 ваяваў на баку Станіслава Ляшчынскага. У 1715 брагадзір (палкоўнік), камандаваў рэгіментам драгунаў гетмана Людвіка Пацея. У 1733 падтрымаў абранне на трон Станіслава Ляшчынскага, суправаджаў яго ў Гданьску і Караляўцы да 1736. У 1736 прызнаў каралём Аўгуста ІІІ.
Чашнік жамойцкі ў 1713—1722, падкаморы гастынскі з 1722, лоўчы ВКЛ у 1724—1731, падскарбі вялікі ВКЛ у 1731—1746, ваявода берасцейскі з 1746.
Дэпутат Кароннага Трыбунала ў 1717, 1718. У 1721 камісар у складзе Скарбовага Трыбунала ВКЛ. Пасол на соймы 1724, 1729. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1730 (яго маршалак), 1747 (яго маршалак).
Маёнткі: Тураў, Давыд-Гарадок (Пінскі павет), Івянец, Ілля, Старынкі (Менскае ваяводства), Горы-Горкі (Аршанскі павет), Вашкевічы, Беліца, Ліпічна, Дакудаў (Лідскі павет), Бейсагола (Жамойць), Сідарка, Лунна, Воля (Гарадзенскі павет), Чарэя (Віцебскае ваяводства); маёнткі ў Польшчы. Трымаў каралеўшчыны: Ельна (Берасцейскае ваяводства), Дуброўна (Аршанскі павет), Азярышча (Віцебскае ваяводства), Пераросль (Гарадзенскі павет), Мергутрокі (Троцкае ваяводства), Лаўмяны, Давідзяны, Дульбы, цівун тэндзягольскі (дзяржаўца варнянскі, 1713—1726, Жамойць).
Вызнаваў каталіцтва. Пабудаваў касцёл у Іллі, аднавіў касцёл у Івянцы.
Пабудаваў Зялёны мост у Вільні (1739).
Кавалер ордэна Белага Арла.
Памёр у Саве каля Горак (Аршанскі павет). Пахаваны ў менскім касцёле езуітаў.
Жонкі: 1. Галена з Шамоўскіх(?—11.3.1727) (шлюб 1706).
2. Канстанцыя з Крышпінаў-Кіршэнштэйнаў (?—20.8.1751) (бацька: Андрэй Казімір Крышпін-Кіршэнштэйн, ваявода віцебскі) (шлюб 28.2.1728, Кідулі; развод 1739).
3. Тэрэса з Агінскіх (?—1773) (бацька: Казімір Дамінік Агінскі) (шлюб у ліпені 1739, Новы Двор, Гарадзенскі павет).
Сыны: Юзаф Антоній (26.7.1709—4.5.1781); Антонiй Юзаф (?—6.9.1759).
Дочкі: Ганна (?—1756) (муж: Томаш Шчавінскі, падкаморы гастынскі); Кацярына (2.9.1708—12.3.1778).
Падрабязнасці:
Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII wieku. Spisy. Tom XI. Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVIII wieku. Spisy / Opracowali Henryk Luliewicz i Andrzej Rachuba. Kórnik: Biblioteka Kórnicka, 1994. 255 s.
Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697—1794). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Andrzej Rachuba i Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Andreja Macuka i Jewgienija Aniszczenki. Warszawa: DiG, 2004. 448 s.
Мацук Андрэй. Барацьба магнацкіх груповак у ВКЛ (1717—1763 гг.). Мінск: Медысонт, 2010. 639 с., карта.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom III. Księstwo Żmudzkie. XV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opracowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym. Warszawa: DiG, 2015. 370 s.
Romaniuk Przemysław P. Sołłohub (Ursyn Dowojna Sołłohub) Jan Michał // PSB. T. XL/2. Z. 165. Warszawa; Kraków, 2000. S. 309—315.
© Валерый Пазднякоў, 2020
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне