Артыкулы: Салагуб (Давойна-Салагуб) Юзаф Антонiй

Салагуб (Давойна-Салагуб)Юзаф Антонiй (26.7.1709—4.5.1781) — дзяржаўны і ваенны дзеяч.

З шляхецкага роду герба «Праўдзіц». Бацька: Ян Мiхал Салагуб (?—8.5.1748). Маці: Галена з Шамоўскіх (?—11.3.1727).

У маладосці служыў у войску ВКЛ, оберштлейтэнант пешага палка. У час бескаралеўя пасля смерці Аўгуста ІІ (1733) падтрымліваў Станіслава Ляшчынскага, пасля прызнаў Аўгуста ІІІ. Кашталян жамойцкі ў 1742—1748, кашталян віцебскі ў 1748—1752, ваявода віцебскі з 1752. У 1750 узначаліў пяцігорскую харугву войска ВКЛ. Пасля смерці Аўгуста ІІІ (1763) падтрымаў Чартарыйскіх. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) некаторыя маёнткі С. апынуліся ў межах Расійскай імперыі, С. не прысягнуў Кацярыне ІІ, але яна дазволіла яму трымаць гэтыя маёнткі далей. У 1776 абраны ў склад Скарбовага дэпартамента Пастаяннай Рады (выйшаў у 1777).

Пасол на соймы 1733, 1736, 1738, 1740. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1737 (маршалак духоўнага кола), 1751 (яго маршалак).

Кавалер ордэна Белага Арла (1750).

Маёнткі: Тураў (Пінскі павет), Вашкевічы, Сялец, Дакудаў (Лідскі павет), Горы-Горкі (Аршанскі павет), Чарэя (Віцебскае ваяводства), маёнткі ў Польшчы. Трымаў каралеўшчыны Пераросль (Гарадзенскі павет), Эйшышкі (1745—1775, Лідскі павет), Загалішкі (з 1765, Лідскі павет), Вулька (да 1767, Слонімскі павет).

Памёр у Варшаве. Пахаваны ў касцёле Св. Крыжа місіянераў.

Жонка(шлюб: верасень 1737): Антаніна Тэрэса з Агінскіх (1709?—9.9.1773); бацька: Караль Агінскі, стараста дарсунішскі; маці: Рахель Тэрэса з Выгоўскіх, кашталянка менская.

Падрабязнасці:

Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697—1794). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Andrzej Rachuba i Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Andreja Macuka i Jewgienija Aniszczenki. Warszawa: DiG, 2004. 448 s.

Мацук Андрэй. Барацьба магнацкіх груповак у ВКЛ (1717—1763 гг.). Мінск: Медысонт, 2010. 639 с., карта.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom III. Księstwo Żmudzkie. XV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opracowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym. Warszawa: DiG, 2015. 370 s.

Romaniuk Przemysław P. Sołłohub (Ursyn Dowojna Sołłohub) Józef Antoni // PSB. T. XL/2. Z. 165. Warszawa; Kraków, 2000. S. 319—323.

© Валерый Пазднякоў, 2020

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.