Артыкулы: камісіі соймавыя
камісіі соймавыя — часовыя адміністрацыйная органы, ствараемыя соймам Рэчы Паспалітай. Пастанову пра ставарэнне К.с. падпісваў кароль. Камісіі дзейнічалі паміж соймамі, вырашалі праблемы агульнадзяржаўныя, толькі ВКЛ або Польшчы, асобных рэгіёнаў, ваяводстваў, паветаў. Часта ствараліся камсіі для вядзення перагавораў з іншымі дзяржавамі, заключэння мірных дагавораў, для кантролю войска ў час вайны, для ўдакладнення межаў паміж паветамі і ваяводствамі і г.д. У склад камісіі звычайна ўваходзіла некалькі сенатараў, як свецкіх, так і духоўных, некалькі соймавых паслоў, цэнтральныя і мясцовыя ўраднікі, часам дэпутаты, абраныя мясцовым соймікам. Члены камісіі атрымлівалі плату, з дзяржаўнага скарба або з мясцовых пабораў.
Першую падобную камісію стварыў Люблінскі сойм 1569 для дапасавання права ВКЛ да кароннага. У яе склад увайшлі 2 сенатары (Валерыян Пратасевіч, біскуп віленскі, і Мальхер Шэмет, стараста жамойцкі), віленскі войт Аўгусцін Ратундус, па адным шляхцічы з кожнага ваяводства ВКЛ і 2 пісары земскія. Вынікі работы камісіі павінны былі баць прадстаўлены наступнаму сойму.
На сойме 1591 была створана Скарбовая камісіі ВКЛ, якая павінна была разлічыць польных пісараў, спадкаемцаў памерлых падскарбіяў, паборцаў і шафараў па ўсіх грашовых разліках, пачынаючы з часоў караля Стафана Баторыя (1576—1586). У склад камісіі ўвайшлі вялікі падскарбі ВКЛ, 4 сенатары і па 1 прадстаўніку з кожнага ваяводства ВКЛ. Пераемніцай камісіі стала створаная ў 1598 дэпутацыя з 2 сенатараў і 2 соймавых паслоў, якая павінна была рэвізаваць скарб ВКЛ, пачынаючы з разлікаў 1591. Гэтыя камісіі сталі папярэдніцамі сталага органа — Скарбовага трыбунала ВКЛ.
Падрабязнасці:
Wisner Henryk. Rzeczpospolita Wazów. Czasy Zygmunta III i Władysława IV. Warszawa: Neriton, 2002. S. 160—168.
© Валерый Пазднякоў, 2020
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


