Артыкулы: Сакалоўскі Міхал
Сакалоўскі Міхал(?—13.7.1666) — ваенны дзеяч.
З шляхецкага роду герба «Кораб». Бацька: Адам Сакалоўскі. Маці: Уршуля з Канарскіх. Браты: УладзіслаўСтаніслаў (?—1701?), Ян, Аляксандр
У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 уступіў у рэгімент кароннай драгунскай гвардыі (камандзір Фрыдэрык Моль, потым Ян Генрык Бокум). Удзельнічаў у вясенне-зімовай кампаніі 1655 вялікага гетмана ВКЛ Януша Радзівіла. Потым удзельнічаў у абароне Мальбарка ад шведскіх войскаў (да капітуляцыі ў сакавіку 1656). Удзельнічаў у бітве са шведамі пад Варшавай 28—30.7.1656. Суправаджаў караля Яна ІІ Казіміра да Гданьска, у лютым 1657 — да Чанстаховы. Улетку 1657 удзельнічаў у аблозе захопленага шведамі Кракава. У другой палове 1658 удзельнічаў у аблозе Торуні. З сакавіка 1659 ваяваў у Прусіі пад камандай кароннага генерала артылерыі Крыштафа Градзіцкага, кароннага польнага гетмана Юрыя Себасцьяна Любамірскага. Камандаваў драгунскай кампаніяй у чыне капітана лейб-рэгімента коннай гвардыі Яна Казіміра. У 1660 ваяваў на Украіне, удзельнічаў у бітвах пад Чуднавам і Слабадзішчамі. Удзельнічаў у 1661 у вайсковай канфедэрацыі. Увосень 1661 ваяваў у ВКЛ, удзельнічаў у Кушліцкай бітве 4.11.1661. Суправаджаў караля да Вільні і Новага Двара (пад Гародняй), у 1662 — да Варшавы і Львова. Удзельнічаў у кампаніі Яна Казіміра за Дняпро ў 1663—1664, у штурме Глухава. У 1664 суправаджаў караля з Магілёва да Менска і Вільні. У 1665 маёр гвардыі. У час рокашу Любамірскага ў 1665—1666 ваяваў супраць ракашан у Кракаўскім ваяводстве, быў камендантам Познані, удзельнічаў у бітве пад Монтвамі 13.7.1666, дзе і загінуў.
Маёнткі: Рогаў і Ракішкі (Вількамірскі павет), трымаў мызы Дрыаны, Рэзаў, Пудэр (Інфлянты).
Жонка: Гелена з Мазоўскіх.
Дзяцей не меў.
Падрабязнасці:
Rachuba Andrzej. Uwagi do genealogii Sokołowskich herbu Korab // Archeion. T. 91. 1993. S. 170—178.
Nagielski Mirosław. Sokołowski Michał // PSB. 40/2. S. 167—168.
© Валерый Пазднякоў, 2022
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне