Артыкулы: Сабалеўскі Казімір
Сабалеўскі Казімір (4.3.1719, Падляшша—24.9.1791) — рэлігійны каталіцкі дзеяч.
З шляхецкага роду герба «Слепаўрон».
У маладосці вучыўся ў езуіцкай школе. У 1736 уступіў у ордэн езуітаў, скончыў навіцыят пры касцёле св. Ігнацыя ў Вільні (1736—1738). Вучыўся ў калегіумах у Нясвіжы (1738—1741), Ломжы (1741—1742), Варшаве (1742—1744, 1745—1749), Плоцку (1744—1745). Святар з 1748. У 1749—1750 прайшоў курс трэцяй прабацыі пры касцёле св. Міхала ў Нясвіжы. Выкладаў у калегіумах у Нясвіжы (1750—1751), Варшаве (1751—1756), Новагародку (1756—1759), Пінску (1759—1765), Полацку (1765—1766). З 1766 у Варшаве, з 1769 рэктар Варшаўскага калегіума, з 1772 віцэ-правінцыял Мазавецкай правінцыі ордэнаезуітаў. Прычыніўся да выпрацоўкі лаяльнай палітыкі беларускіх езуітаў да расійскай улады на землях першага падзелу Рэчы Паспалітай; у 1773 праводзіў візітацыю езуіцкіх устаноў на Беларусі. Пасля скасавання езуіцкага ордэна (1773) стаў дыяцэзіяльным святаром, падтрымліваў кантакты з езуітамі ў Беларусі.
Падрабязнасці:
Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. Гродно: ГрГУ, 2002.
Инглот Марек. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире. М., 2004.
Inglot Marek. Sobolewski Kazimierz // PSB. 39/6. S. 574—575.
© Валерый Пазднякоў, 2022
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне