Артыкулы: Слупскі Мікалай
Слупскі Мікалай (каля 1615—каля 1691) – дзеяч рымска-каталіцкай царквы, суфраган беларускі.
З польскага шляхецкага роду герба «Лешчыц». Бацька – Перэгрын (?—1627), маці – Дарота з Закшэўскіх.
У 1638 ліцэнцыят тэалогіі, каралеўскі сакратар. Святар з 1641. Пробаш трабскі з красавіка 1649. Як каралеўскі сакратар атрымаў 26.7.1649 пасады каноніка ў віленскім капітуле і пробашча ковенскага (да 1659). 2.12.1649 удзельнічаў у камісіі па ўстанаўленні аўтэнтычнасці рэліквій св. Казіміра. 3.10.1650 капітул абраў яго для рэвізіі і карэктуры капітульнага статута.
У час вайны з Расій 1654—1667 у 1654 разам з капітулам пакінуў Вільню. Удзельнічаў у пасяджэннях капітула ў Брашэвічах (май 1658), Ражане (30.9.1658), Слоніме (9.5.1659), Ражане (30.9.1659). Апекваўся капітульным срэбрам, якое пакінуў на схаванне ў кляштары паўлінаў у Яснай Гары (вярнуў капітулу ў 1660). На пасяджэнні капітула ў Ражане 24.3.1661 засведчых, што частка срэбра скрадзена.
У 1661, падчас ваканса ў Віленскім біскупстве, быў віленскім капітульным вікарыем. У 1662 па даручэнні новага біскупа Юрыя Белазора абраў месцана пабудову Кальварыі ў Верках пад Вільняй. 1.10.1663 атрымаў у складзе капітула пасаду кусташа, апекваўся касцельным срэбрам і рэліквіямі св. Казіміра. Наступны віленскі біскуп Аляксандр Сапега прызначыў яго сваім афіцыялам, генеральным вікарыем і суфраганам беларускім (6.3.1669 нунцый Д.Марэскоці даслаў у Рым паведамленне пра наданне С. годнасці суфрагана). Рыхтаваў дыяцэзіяльны сінод 1669, на якім быў адным з суддзяў. 3.6.1669 ад папы Клеменса Х атрымаў тытул біскупа грацыянапалітанскага (г. Грацыянаполіс, Алжыр). У маі 1670 удзельнічаў у камісіі па вывучэнні цудаў абраза Маці Божай у касцёле бернардзінцаў. Быў ініцыятарам стварэння Архібрацтва Найсвяцейшага Імені Марыі пры віленскай катэдры (з 1671 яго першы правізар). У 1671 член камісіі па разглядзе спрэчак паміж мітрапалітам кіеўскім Габрыелем Календам і віленскім магістратам. Пасля смерці біскупа абраны 22.5.1671 адміністратарам Віленскай дыяцэзіі, потым – віленскім біскупам. Кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі не прызнаў выбары і прпапанаў кандыдатуру Мікалая Стафана Паца. Адміністратар быў да 14.8.1673, калі перадаў дыяцэзію Пацу. 29.8.1673 С. атрымаў у капітуле годнасць архідыякана. У 1673—1677 ажыццявіў візітацыю дыяцэзіі (наведаў каля 350 касцёлаў, праехаў больш за 8500 кіламетраў, кансекраваў 2 алтары, 28 касцёлаў, 34 званы). У 1676 атрымаў дадаткова парафію ў Германішках. У 1684, пасля смерці Паца, капітул абраў С. адміністратарам дыяцэзіі (адмовіўся ад пасады 5.1.1685). Удзельнічаў у дыяцэзіяльным сінодзе 30.9—2.10.1685.
Аляксандр Тарасевіч стварыў гравіраваны партрэт С.
Меў родавы маёнтак Джэнчэва ў Касцянскім павеце. У 1690 трымаў капітульны маёнтак Лоск у Ашмянскім павеце.
Пахаваны ў Віленскім катэдральным касцёле (на надмагіллі ўказана памылковая дата смерці 7.2.1688).
Падрабязнасці:
Kurczewski Jan. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i prace biskupów i duchowienstwa djecezji wileńskiej, oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i społecznych. Wilno, 1912. 614 s.
Kurczewski Jan. Kościół zamkowy czyli katedra wileńska w jej dziejowym, liturgicznym, architektonicznym i ekonomicznym rozwoju. Część III. Streszczenie aktów kapituły wileńskiej. Wilno, 1916. 608 s.
Kumor Bolesław. Słupski Mikołaj h. Leszczyc // PSB. 39.2. S. 130—131.
Wilczewski Waldemar Franciszek.Wizytacja diecezji wileńskiej przeprowadzona przez biskupa Mikołaja Słupskiego. Czas trwania i zasięg // Archiwa, Biblioteki i Muzea Kościelne. 1999. T. 72. S. 473—487.
Wilczewski Waldemar Franciszek. Jeszcze o wizytacji biskupa Mikołaja Słupskiego // Archiwa, Biblioteki i Muzea Kościelne. 2000. T. 74. S. 481—487.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


