Артыкулы: Слушка / Служка Аляксандр Мікалаевіч

Слушка / Служка Аляксандр Мікалаевіч (каля 1580—ліпень 1647) — дзяржаўны дзеяч, кашталян менскі ў 1618—1628, жамойцкі ў 1628—1633, ваявода менскі ў 1633—1638, новагародскі ў 1638—1642, троцкі з 1642.
З шляхецкага роду герба «Астоя». Бацька: Мікалай Іванавіч (да 1540—каля 1583), стараста крычаўскі і алучыцкі. Маці: Альжбета (Гальшка) з Кмітаў (?—паміж 1609 і 1613) (бацька: Ян Кміта (?—1567), маці: Соф’я з Осцікаў).
Вучыўся ў Віленскай акадэміі (з 1595). Пасля пры двары караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ. Быў звязаны з Радзівіламі-кальвіністамі, якія забяспечылі яму кар’еру. Стараста рэчыцкі з 1612. Дэпутат Трыбунала ВКЛ 1614, 1624 (маршалак), 1631 (маршалак), 1642 (маршалак). Прызначаны 12.11.1618 на ўрад кашталяна менскага. У 1621 выставіў на вайну са Швецыяй атрад у 50 коней, у 1626 — 100 райтараў. Атрымаў 20.3.1628 урад кашталяна жамойцкага. Удзельнічаў у абранні на трон Уладзіслава IV (1632). У час вайны з Расіяй 1632—1634 абараняў Гомель. Прызначаны 2.3.1633 ваяводам менскім, у 1638 — новагародскім, у 1642 — троцкім.
Маёнткі: Свержань-Кавалеўшчына, Стоўпцы (Менскі пав.), Антонаў (з 1629) і Скрыгалаў (Мазырскі пав.), Мухаедавічы, Апочын (Кіеўскае ваяв.), Валожын (з 1614, Ашмянскі пав.), Сакаўшчына, Сівіца, Забярэззе, Дораў, Дубін, Трасцяніца (з 1638—1640, Берасцейскае ваяв.), Тайманаў і Галоўчын (з 1640, Аршанскі пав.), Глыбокае і Порплішча (застава з 1628, Ашмянскі пав.). Трымаў дзяржавы Славенск (Ашмянскі пав.), Кадайны (Бабруйская вол.).
Трымаў стараствы Рэчыцкае (з 1612), Гомельскае (у 1635—1646), Прапойскае (да 1646). У 1626 судзіўся з рэчыцкімі валашчанамі ў каралеўскім задворным судзе[1].
Займаўся вытворчасцю жалеза (Рудня Смалягоўская, у 1640 зроблена 43 вазоў жалеза і 7 сталі), развядзеннем асятроў, гандлем збожжа, поташам і інш.
Вызнаваў кальвінізм, у 1621 перайшоў у каталіцтва. У сваёй рэзідэнцыі Стоўпцах заснаваў кляштар дамініканцаў (1623)[2]. Заснаваў кляштар бернардзінак у Менску (1633)[3], фундаваў касцёлы ў Валожыне і Кавалёўшчыне.
Пахаваны ў кляштары дамініканцаў у Стоўпцах.
1-я жонка: Соф’я Канстанцыя з Зяновічаў (шлюб 1611) (?—14.1.1642) (бацька: Крыштаф Юр’евіч Зяновіч (?—1614), ваявода берасцейскі; маці: Тэадора з Валовічаў, у 1-м шлюбе замужам за Станіславам Кішкам). Меў з ёю сыноў і дачок.
2-я жонка: Кацярына Ганна з Кішкаў (?—пасля 1667) (бацька: Крыштаф Кішка(каля 1590—1646), ваявода віцебскі; 1-ы муж: Якуб Керла).
Сыны:
Дадзьбог Уладзіслаў (14.5.1626—1630).
Еўстахій Адам (?—1639), стараста рэчыцкі.
Багуслаў Юрый (каля 1620—пач. 1658).
Зыгмунт Адам (26.5.1628—2.12.1674).
Дочкі:
Эльжбета (каля 1619—паміж 1.5. і 1.9.1671) (1-ы муж (шлюб 25.6.1634): Адам Казаноўскі (бацька: Зыгмунт Казаноўскі, охмістр Уладзіслава IV); 2-і муж: Геранім Радзяёўскі).
Падрабязнасці:
Nagielski Mirosław. Sluszka Aleksander // PSB. T. XXXIX/1. Z. 160. Warszawa; Kraków, 1999. S. 134—137.
Sadkowska Czesława. Genealogia rodu Słuszków i ich archiwum. (Szkic genealogiczno-archiwalny) // Archeion. LII. Warszawa, 1969. S. 57—81.
Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1582—1696). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba. Warszawa: DiG, 2007. 469 s.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom III. Księstwo Żmudzkie. XV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opracowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym. Warszawa: DiG, 2015. 370 s.
Латушкін А.А. Гісторыя маёнтка Свержань у апошняй трэці XVI стагоддзя і пытанне заснавання горада Стоўбцы // Стаўбцоўшчына на гісторыка-культурнай карце Беларусі. Зборнік навуковых артыкулаў. Мінск: Беларуская навука, 2023. 292 с., іл. (С. 23—54, іл.).
© Валерый Пазднякоў, 2025
[1] КМФ-18.1.303.146—147.
[2] КМФ-18.1.582.50—55.
[3] БА. 3. № 91.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


