Артыкулы: Слушка Багуслаў Юрый

Слушка Багуслаў Юрый (каля 1620—пач. 1658) — дзяржаўны дзеяч, падскарбі надворны ВКЛ з 1645.
З шляхецкага роду герба «Астоя». Бацька: Аляксандр (каля 1580—ліпень 1647), кашталян менскі ў 1618—1628, жамойцкі ў 1628—1633, ваявода менскі ў 1633—1638, новагародскі ў 1638—1642, троцкі з 1642. Маці: Соф’я Канстанцыя з Зяновічаў (?—14.1.1642) (бацька: Крыштаф Юр’евіч Зяновіч (?—1614), ваявода берасцейскі; маці: Тэадора з Валовічаў, у 1-м шлюбе замужам за Станіславам Кішкам). Брат: Зыгмунт Адам(26.5.1628—2.12.1674).
Вучыўся ў Віленскай акадэміі (1636), універсітэце ў Інгальштаце (1637), у Рыме (1639), Падуі (1640). Па вяртанні атрымаў Рэчыцкае стараства. Пасол на соймы 1641, 1647, 1652. Стольнік ВКЛ (1643—1645), крайчы ВКЛ (1645), падскарбі надворны ВКЛ (з 1645). У пачатку вайны з Расіяй у 1654 выставіў казацкую харугву ў 150 коней. В 1655 ваяваў з ёй на Падляшшы, у 1656—1657 — у Польшчы.
Маёнткі: Антонаў і Скрыгалаў (да 1654, Мазырскі пав.), Трасцяніца (Берасцейскае ваяв.), Свержань-Кавалеўшчына (да 1649), Стоўпцы (Менскі пав.), Валожын і Сакаўшчына (Ашмянскі пав.), Рэша Слушчына (Віленскае ваяв.), Доры (да 1650, Менскае ваяв.).
Фундаваў кляштар дамініканцаў у Стоўпцах (15 000 злотых), працягваў будаўніцтва кляштара бернардзінак у Менску.
Тастамент падпісаў пад Варшавай 9.6.1656, актыкаваны 9.1.1658.
Жонка (шлюб у лютым 1650): Ганна з Патоцкіх (?—8.2.1695) (бацька: Стафан Патоцкі, ваявода брацлаўскі; 1-ы муж: Аляксандр Дамінік Казаноўскі, ваявода брацлаўскі; 3-і муж (прынамсі з 1664): Міхал Юрый Станіслаўскі, кашталян сончаўскі).
Сыны:
Юзаф Багуслаў (1652—8.11.1701).
Дамінік Міхал (каля 1655—29.1.1713).
Дочкі:
Канстанцыя (1-ы муж: Уладзіслаў Дэнгаф, ваявода паморскі; 2-і муж: Эрнест Дэнгаф, ваявода мальбаркскі).
Барбара (?—1655).
Падрабязнасці:
Rachuba Andrzej. Słuszka Bogusław Jerzy // PSB. T. XXXIX/1. Z. 160. Warszawa; Kraków, 1999. S. 137—140.
Sadkowska Czesława. Genealogia rodu Słuszków i ich archiwum. (Szkic genealogiczno-archiwalny) // Archeion. LII. Warszawa, 1969. S. 57—81.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


