Артыкулы: Слушка Юзаф Багуслаў
Слушка Юзаф Багуслаў (22.10.1652—8.11.1701) — дзяржаўны і ваенны дзеяч, кашталян троцкі ў 1685, віленскі з 1685, польны гетман ВКЛ з 1685.
З шляхецкага роду герба «Астоя». Бацька: Багуслаў Юрый (каля 1620—пач. 1658). Маці: Ганна з Патоцкіх (?—8.2.1695).
Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, у Львлве, Віленскай акадэміі, Кракаўскім універсітэце. У пач. 1670-х прыхільнік Пацаў, дзякуючы чаму атрымаў урад лоўчага ВКЛ (1673—1676). Удзельнічаў у вайне 1673—1676 супраць туркаў на чале пяцігорскай харугвы і драгунаў, у Хацінскай бітве 1673. Удзельнічаў у абранні на трон Яна ІІІ Сабескага (1674). Далучыўся да партыі Радзівілаў, у пач. 1680-х гг. — да Сапегаў, пасля адзін з галоўных прыхільнікаў Яна ІІІ у ВКЛ. Вялікі харужы ВКЛ у 1676—1683, надворны маршалак ВКЛ у 1683—1685. Удзельнічаў у Венскай бітве 1683 з туркамі. Атрымаў 10.4.1685 намінацыю на ўрад польнага гетмана ВКЛ. На сойме 1685 атрымаў урад кашталяна троцкага, хутка пасля — кашталяна віленскага. Удзельнічаў у выправе 1685 на Букавіну і ў 1686 у Малдову, у 1687—1695, 1698 — на Падолле супраць турак. Удзельнічаў у абранні на трон Аўгуста ІІ (1697). Імкнуўся залагодзіць канфлікт у ВКЛ паміж групоўкай Сапегаў і рэспубліканцамі.
Пасол на соймы 1670, 1672, 1676, 1678—1679, 1681, 1685 (?).
Стараста рэчыцкі (1667—1688)
Маёнткі: Чашнікі (Полацкае ваяв., Аршанскі пав.), Скрыгалаў, Антонаў, Галоўчын, Тайманаў (Аршанскі пав.), Трасцяніца, Блоткаў, Добрын, Лазавіцы, Воўчын, Радванічы (Берасцейскае ваяв.), Валожын, Паляны (Ашмянскі пав.), Стоўпцы, Забярэззе, Доры (Менскае ваяв.). Трымаў каралеўшчыны: Зёлаў, Лаздзеі, Кашаны, Азярышча (з 1685), Пяняны (1686—1699), Пуні, Руднікі, Міжрэч, Маркава (1692), Лянцкарона (1694), Дзягішкі, Рэчаў. Быў ляснічым неманойскім (да 1685), адміністратарам Кобрынскай эканоміі (1685—1695), Берасцейскай эканоміі (1698—1699), войтам берасцейскім (1693). Меў палацы ў Вільні, Гародні, Варшаве.
Блоткаву, які перайменаваў у гонар жонкі ў Тарэспаль (Цярэспаль, 1696), надаў гарадскія правы, пабудаваў там вялікі палац.
Пабудаваў драўляны касцёл бернардзінцаў у Валожыне (1683), мураваны кляштар і касцёл дамініканцаў у Тарэспалі (1697), даў фундуш (20 000 зл.) кляштару дамініканцаў у Стоўпцах, удзельнічаў у будаўніцтве касцёла ў Кальварыі Зэбжыдоўскай.
Памёр у Кракаве, пахаваны ў Стоўпцах.
Жонка 1-я: Людвіка з Ляшчынскіх (?—жнівень 1676) (бацька: Багуслаў Ляшчынскі, падканцлер каронны).
Жонка 2-я (шлюб 28.2.1677): Тарэза з Гасеўскіх (?—7.6.1708) (бацька: Вінцэнт Аляксандр Корвін Гасеўскі (?—29.11.1662), польны гетман ВКЛ, вялікі падскарбі ВКЛ; маці: Магдалена з Канапацкіх). Дзяцей не мелі. Яе 2-і муж (шлюб 6.5.1703): Казімір Ян Павел Сапега (каля 1642—13/14.3.1720), ваявода віленскі.
Падрабязнасці:
Rachuba Andrzej. Słuszka Józef Bogusław // PSB. T. XXXIX/1. Z. 160. Warszawa; Kraków, 1999. S. 144—151.
Sadkowska Czesława. Genealogia rodu Słuszków i ich archiwum. (Szkic genealogiczno-archiwalny) // Archeion. LII. Warszawa, 1969. S. 57—81.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom I. Województwo wileńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Uładzimira Jemialianczyka i Andreja Macuka. Warszawa: DiG, 2004. 764 s.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom VIII. Ziemia brzeska i województwo brzeskie. XIV—XVIII wiek / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Henryk Lulewicz, Tomasz Jaszczołt, Andrej Radaman, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrej Macuk, Adam Danilczyk, Andrzej Haratym. Warszawa: Instytut Historii PAN, 2020. 405 s.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


