Артыкулы: Абрамовічы

Абрамовічы, Абрагамовічы, шляхецкі род герба «Любіч» зменены, або «Ястрабец» зменены. Родапачынальнік Абрам Мацкевіч, дзяржаўца відзаўскі, у пач. 16 ст. атрымаў ад віленскага біскупа Яна пацвярджэнне на 4 валокі зямлі ў Дуброўне каля Ліды. Меў сыноў Станіслава і, магчыма, Якуба і Юзафа Ждана. У мужчынскай лініі род згас у 1867. Найб. вядомыя:

Ян (?—19.4.1602), сын Станіслава. Віленскі войскі ў 1570 і намеснік (падваявода) у 1572—89, прэзідэнт дорпацкі ў 1589—1601, ваявода менскі ў 1593—96 і смаленскі з 1596; стараста лідскі з 1579 і вендэнскі з 1589. Выхоўваўся пры двары М.Радзівіла Рудога. Падтрымліваў кальвінісцкую галіну Радзівілаў і іх апазіцыйную да Польшчы палітыку. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. На сойме 1585 дамагаўся ўключэння Інфлянтаў у склад ВКЛ. Адзін з кіраўнікоў кальвіністаў ВКЛ, але быў цесна звязаны і з праваслаўнымі, з кн. К.К.Астрожскім. Яго жонка, Дарота з Валовічаў, была апякункай віленскага правасл. Святадухава брацтва. Удзельнічаў у дыскусіях з езуітамі ў Вільні ў 1585 і 1599, у дысідэнцкіх з’ездах у Торуні ў 1595 і ў Вільні ў 1599. У сваім маёнтку Варняны ў Віленскім пав. (валодаў з 1587) збудаваў кальвінскі збор, школу і шпіталь. Напісаў кн. «Меркаванне літвіна пра куплю танней збожжа і больш дарагі продаж» («Zdanie Litwina o kupczy taniej zboża a drogiej sprzedaży», 1595). Апякаў А.Волана і Я.Радвана, якога схіліў да напісання паэмы «Радзівіліяда». Сваім коштам выдаў кальвінісцкі катэхізіс віленскага прапаведніка С.Судроўскага (Вільня, 1598). Валодаў маёнткамі Дубнікі і Язаў у Віленскім пав., Свіраны, Сураж і Кабыльнік у Ашмянскім пав.

Мікалай (?—люты 1651), сын Яна. У 1603 аддадзены на выхаванне на двор біржанскіх Радзівілаў. Каралеўскі палкоўнік, генерал артылерыі ВКЛ з 1634, адначасова чашнік ВКЛ у 1638—40, кашталян мсціслаўскі ў 1640—43, ваявода мсціслаўскі ў 1643—47 і троцкі з 1647; стараста старадубскі ў 1636—47, мядзельскі і курклійскі; неаднаразова выбіраўся паслом на соймы і дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1-й пал. 1620-х г. ваяваў супраць шведаў у Курляндыі і Інфлянтах у войску К.Радзівіла, дзе выконваў абавязкі старшага над гарматай. У 1626—27 ваяваў супраць шведаў на Памор’і і ў Прусіі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 са студз. 1633 камандаваў палком пяхоты групоўкі Радзівіла, а з 1634 старшы над гарматай (з 1640 называўся генерал артылерыі ВКЛ), камандзір калоны ў маршы на г. Белы. Камісар пры заключэнні Палянаўскага міру 1634. У 1646 прызначаны камісарам на перагаворах з Масквой і па даручэнні караля перадаў Расіі Трубчэўскую вол., за што трыбунальскім судом прыгавораны да штрафу 60 тыс. злотых і смяротнага пакарання. У 1648 прызначаны камісарам для перагавораў са Швецыяй. Адзін з кіраўнікоў кальвіністаў ВКЛ. У 1631 падараваў Літ. сіноду двор у Слуцку пад канвікт для вучняў гімназіі. Старшыня правінцыяльнага сінода 1644. Акрамя бацькавых маёнткаў меў Мглін і Дрокаў у Старадубскім пав., Лебедзева ў Ашмянскім пав., Холмеч у Рэчыцкім пав., маёнткі ў Кіеўскім ваяв.

Самуэль Андрэй (1617—63), сын Мікалая. Каралеўскі палкоўнік, стараста старадубскі з 1647. У 1637—38 вучыўся ў Лейдэнскім ун-це. У 1654 перайшоў у каталіцтва і зачыніў кальвінскі збор у Варнянах. Меў маёнткі ў Кіеўскім ваяв., Лідскім, Вількамірскім, Ашмянскім, Аршанскім, Новагародскім, Мазырскім, Старадубскім і Пінскім пав.

Андрэй (?—вер. 1763), сын Самуэля. Харужы, пасля паручнік пяцігорскі, віленскі цівун, стольнік з 1736 і пісар земскі з 1748, кашталян берасцейскі з 1757; пасол на сойм 1754, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1748. З маладосці звязаны з М.К.Радзівілам Рыбанькай, адстойваў яго інтарэсы на віленскіх сойміках, у Трыбунале і сойме. Трымаў у заставе радзівілаўскія маёнткі Жупраны і Беразавец, у дзяржаве — Цітавяны і Новае Места.

Ежы (?—1767), сын Самуэля, брат Андрэя. Харужы пяцігорскі, віленскі падчашы ў 1746—63, пісар гродскі ў 1746—48, суддзя гродскі ў 1748—50, падваявода ў 1750—63; стараста старадубскі з 1763; пасол на сойм 1758, віцэ-маршалак Трыбунала ВКЛ 1763. З маладосці звязаны з Радзівілам Рыбанькай, ад якога атрымаў пасаду падваяводы. Трымаў у заставе радзівілаўскія маёнткі Новае Места, Суботнікі і Цітавяны.

Адам (23.8.1710—76), сын Самуэля, брат Андрэя і Ежы. З 1726 езуіт. З 1743 выкладаў у езуіцкіх навуч. установах у Вільні, Новагародку (1748—49), Варшаве. У 1752 узначаліў канвікт у Вільні, які ператварыў у шляхецкі калегіум (гл. Віленскі езуіцкі «Калегіум нобіліум»), быў яго першым рэктарам. Рэктар калегіумаў у Нясвіжы (1758—63 і 1770—73), Полацку (1763—66) і Менску (1766—70). Шмат намаганняў прыклаў да адбудовы касцёлаў і калегіумаў. Выдаў кн. «Нядзельныя казанні» («Kazania niedzielne», Вільня, 1753), дзе ўзняў важныя праблемы грамадскага жыцця, асуджаў бязмежную эксплуатацыю, заклікаў да дабрачыннасці на карысць бедных.

Літаратура:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973. С. 171—172;

Ciechanowiecki A., Rachuba A. Rys genealogiczny rodziny Abramowiczów na Wornianach // Przegląd Wschodni. 1992/93. T. 2. Z. 3 (7).

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.