Артыкулы: Галіцка-Валынскае княства

Галіцка-Валынскае княства, феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе. Утварылася ў 1199 у выніку аб’яднання кн. Раманам Мсціславічам Галіцкага і Уладзіміра-Валынскага княстваў. Размяшчалася ў басейнах Днястра, Прута, Сірэта, вярхоўях Сана, Зах. Буга, Нарава, Прыпяці, Стыра, Гарыні. Гал. гарады — Галіч, Уладзімір, Львоў, Перамышль, Белз, Чэрвен, Холм, Луцк, Крэменец, Берасце, Кобрын, Камянец, Мельнік, Дарагічын. Галіцка-валынскія князі падтрымлівалі шырокія міжнар. сувязі, заключалі дынастычныя шлюбы з дварамі Польшчы, Венгрыі, Візантыі. Стваральнік Г.-В.к. Раман Мсціславіч ваяваў з Літвой і яцвягамі. Пасля яго смерці княства распалася, сыны Рамана Даніла і Васілька апынуліся ў Польшчы. У 1238 Даніла Раманавіч аднавіў Г.-В.к. пад сваёй уладай, пасля захапіў Кіеў. Вярхоўную ўладу брата прызнаваў Васілька, які валодаў Валынню. Пасля Даніла і Васілька прызналі ўладу мангольскіх ханаў. Варожыя ў 12 ст. адносіны галіцкіх і валынскіх князёў з Літвой сталі мірнымі пасля заключэння дагавора 1219. Літ. князі сталі саюзнікамі галіцка-валынскіх у барацьбе з Польшчай. У 1238 Даніла «навёў» Літву Міндоўга на мазавецкага кн. Конрада. У пач. 1240-х г. іншыя літ. князі пачалі нападаць на Г.-В.к. У 1243/44 літ. князь Айшэўна Рушкавіч ваяваў каля Перасопніцы на Валыні і быў разбіты Данілам і Васількам каля Пінска. Літ. напад у 1244/45 на валынскія гарады Мельніца і Лякоўня зноў скончыўся паражэннем каля Пінска. Міндоўг заставаўся верным мірнаму дагавору і ў 1245 аказаў узброеную дапамогу Данілу і Васільку. У 1248 Даніла ажаніўся з пляменніцай Міндоўга, сястрой князёў Таўцівіла і Эдзівіда. Калі апошніх Міндоўг выгнаў з Літвы, то яны знайшлі прытулак у Г.-В.к. Даніла і Васілька стварылі кааліцыю з Лівонскім ордэнам, яцвяжскімі і жамойцкімі князямі, якая ў 1249/50 зрабіла вял. паход на падуладныя Міндоўгу землі, у т.л. на Новагародак, Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў. У 1250 адбыўся новы паход: Таўцівіл з валынскім і палавецкім войскамі наносіў удар з Пд, а лівонскія рыцары — з Пн. У 1251/52 Даніла і Васілька з полаўцамі зноў напалі на Новагародак. У 1252 браты захапілі ў ліцвінаў Гародню, ваявалі інш. землі. У адказ сын Міндоўга Войшалк ваяваў каля Турыйска. Пасля пачаліся мірныя перагаворы. У 1254/55 быў заключаны шлюб паміж сынам Данілы Шварнам і дачкою Міндоўга. Іншы сын Данілы, Раман, атрымаў ад Міндоўга і Войшалка як знак іх залежнасці Новагародак, Слонім і Ваўкавыск. Мір паміж галіцка-валынскімі і літ. князямі быў парушаны ў выніку дзеянняў манголаў (яшчэ ў 1254, каб садзейнічаць стварэнню кааліцыі супраць манголаў, Даніла Раманавіч прыняў ад рымскага папы каралеўскую карону і каранаваўся ёю ў Дарагічыне). У 1258 мангольскі военачальнік Бурундай прымусіў Данілу далучыцца да паходу на літ. землі. У адказ Войшалк і Таўцівіл адваявалі Новагародак і паланілі Рамана Данілавіча. У 1262 у адказ на паход на Панямонне валынскіх войск Васількі Міндоўг ваяваў у ваколіцах Каменя. У той жа час Шварн захоўваў прыязныя адносіны з Міндоўгам і дапамагаў яму ў паходзе на Мазовію. Пасля смерці Данілы Раманавіча (1264) Шварн Данілавіч валодаў усх. Галіччынай і Забужжам з гарадамі Белз, Чэрвен, Холм, Мельнік, Дарагічын, Леў Данілавіч — зах. Галіччынай, Мсціслаў Данілавіч — Луцкам, а потым усёй Валынню (пасля смерці Уладзіміра Васількавіча). У 1264 Шварн і Васілька дапамаглі Войшалку захапіць літ. трон і заваяваць Нальшчаны. Войшалк прызнаў сябе васалам Васількі. Да 1267 Войшалк княжыў фактычна разам са Шварнам, а пасля перадаў яму трон ВКЛ. Пасля смерці Войшалка і Шварна (каля 1269) у ВКЛ да ўлады прыйшоў Трайдзень, які спачатку падтрымліваў мір са Львом Данілавічам, але канфліктаваў з Уладзімірам Васількавічам. У 1275 пасланае Трайдзенем гарадзенскае войска захапіла ў Льва Данілавіча Дарагічын. У канфлікт была ўцягнута Арда, якая па просьбе Льва арганізавала буйны паход на ВКЛ рус. князёў, у т.л. пінскага і тураўскага. Аднак паход скончыўся ўзяццем толькі вакольнага горада Новагародка. У 1276 галіцка-валынскія войскі ўзялі Слонім і Турыйск. Брат Трайдзеня Сірпуцій пустошыў ваколіцы Камянца. Хаця ў 1276/77 бакі прымірыліся, у 1277 па ініцыятыве Арды быў зроблены яшчэ адзін паход на Новагародак і Гародню. У 1289 правіцелі ВКЛ Бурдзікід і Будзівід аддалі валынскаму князю Мсціславу Данілавічу Ваўкавыск, каб захаваць з ім мір і ўмацаваць свае тылы ў барацьбе з крыжакамі.

Пасля гэтага летапісныя звесткі пра адносіны Г.-В.к. і ВКЛ адсутнічаюць. Відаць, Мсціслаў Данілавіч, чые ўладанні межавалі з ВКЛ, захоўваў з літ. князямі ў асноўным мірныя адносіны. Ён памёр каля 1301. Пасля на Валыні княжыў Юрый Львовіч, які тытулаваўся каралём рускім і князем уладзімірскім. Пад яго ўладай Г.-В.к. зноў стала адзіным, каля 1303—04 створана Галіцкая праваслаўная мітраполія. Пасля яго смерці ў 1308 Г.-В.к. было ў валоданні яго сыноў Льва і Андрэя. 21.5.1323 польскі кароль Уладзіслаў Лакаток паведаміў рымскаму папу пра смерць абодвух Юр’евічаў. Мяркуецца, што яна настала ў выніку нападу мангола-татараў. Мабыць, менавіта з дачкой Андрэя (яе імя было Буча, хрысціянскае Ганна) узяў шлюб сын Гедзіміна Любарт, які першы з літ. князёў замацаваўся на Валыні (відаць, спачатку толькі ў Луцку). Магчыма, шлюб адбыўся ў пач. 1320-х г. Смерць Андрэя і Льва Юр’евічаў выклікала прэтэнзіі на землі Г.-В.к. з боку ўладароў Польшчы і Венгрыі. Летам 1323 польская і венгерская саюзныя арміі ўвайшлі ў Г.-В.к. Польскі кароль Уладзіслаў Лакаток меў намер пасадзіць на галіцка-валынскі трон пры падтрымцы мясц. баярства аднаго з сыноў добжынскага кн. Земавіта і Настассі — дачкі Льва Данілавіча. Аднак летам 1324 кароль вырашыў дамагацца трона для Баляслава — сына мазавецкага кн. Трайдзеня і Марыі — дачкі Юрыя Львовіча. Гедзімін падтрымліваў Любарта ў барацьбе за галіцка-валынскія землі, таму двойчы ў 1324 ваяваў Мазовію. Відаць, восенню 1324 Баляслаў заняў уладзімірскі трон. Ён прыняў праваслаўе і імя Юрый. Гедзімін пайшоў на кампраміс з польскім каралём. Быў заключаны дагавор 1325, адбыўся дынастычны шлюб паміж дачкой Гедзіміна Альдонай і сынам Уладзіслава Лакатка Казімірам. Да ВКЛ адышла Берасцейская зямля з Падляшшам. Баляслаў за сваім зацвярджэннем звярнуўся да хана Узбека і пасля выплачваў даніну Ардзе. Магчыма, тады ж да Арды перайшлі землі Галіцкага Паніззя. У Г.-В.к. Баляслаў імкнуўся абаперціся на іншаземных каланістаў і супрацьпаставіць іх мясц. баярам, а каля 1328—30 зноў стаў католікам. У 1331 быў заключаны шлюб паміж Баляславам і дачкой Гедзіміна Яўфіміяй (Офкай). У 1338 Баляслаў прызнаў сябе васалам венгерскага караля Карла Роберта і абвясціў польскага караля Казіміра ІІІ сваім спадкаемцам. 7.4.1340 Баляслаў быў атручаны баярамі, якія бачылі небяспеку ва ўмацаванні княжацкай улады, каталіцтве Баляслава і яго арыентацыі на Венгрыю і Польшчу. Княжыць у Г.-В.к. баяры запрасілі Любарта. Напады польскіх і венгерскіх войск і наступныя паліт. падзеі прывялі да знікнення Г.-В.к. Галіччына была захоплена Польшчай, а Валынь на доўгія гады стала аб’ектам польска-літ. спрэчак.

Літаратура:

Андрияшев А.М. Очерк истории Волынской земли до конца XIV столетия. Киев, 1887;

Иванов П.А. Исторические судьбы Волынской земли с древнейших времен до конца XIV века. Одесса, 1895;

Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. [М.], 1950;

Włodarski B. Polska i Ruś, 1194—1340. Warszawa, 1966;

Котляр М.Ф. Формирование территории и возникновение городов Галицко-Волынской Руси IX—XIII вв. Киев, 1985;

Яго ж. Галицько-Волинська Русь. Київ, 1998;

Грушевський М.С. Історія України-Руси. [2 вид.]. Т. 2—3. Київ, 1992;

Александров Д.Н. Галицко-Волынская земля в XIII—первой четверти XIV вв. М., 1997;

Крип’якевич І. Галицько-Волинське князівство. 2 вид. Львів, 1999;

Майоров А.В. Галицко-Волынская Русь: Очерки соц.-полит. отношений в домонгольский период. Князь, бояре и городская община. СПб., 2001.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.