Артыкулы: Галоўны архіў старажытных актаў
Галоўны архіў старажытных актаў (ГАСА; Archiwum Główne Akt Dawnych, AGAD) у Варшаве. Заснаваны ў 1808 як Агульны краёвы архіў, з 1816 Галоўны архіў Каралеўства Польскага, з 1889 Варшаўскі галоўны архіў старажытных актаў Каралеўства Польскага, з 1918 ГАСА. Зберагае найважнейшыя дзярж. акты, дакументы вышэйшых органаў улады і вышэйшых судовых устаноў Польскай дзяржавы 12—18 ст., цэнтральных адміністрацыйных устаноў Варшаўскага княства, Каралеўства Польскага, польскіх губерняў і асобных тэрыторый да пач. 20 ст. Перад 2-й сусветнай вайной у архіве захоўвалася 1750 тыс. кніг, папак і звязак дакументаў, больш за 5 тыс. пергаментных актаў, 10 тыс. планаў і карт. У час вайны больш за 90 % архіўных матэрыялаў загінула. Пасля вайны ў склад ГАСА уключаны захаваўшыеся зборы Архіва старажытных актаў і Скарбовага архіва. У цяперашні час у архіве зберагаецца больш за 300 тыс. кніг, папак і звязак дакументаў, 8727 пергаментных актаў. Архіў мае аддзелы: 1-ы (акты органаў улады, дзярж. і грамадскіх інстытутаў ад старажытных часоў да 1795), 2-і (акты органаў улады, устаноў і грамадскіх інстытутаў 1795—1918), 3-і (акты сем’яў і прыватных асобаў), 4-ы (картаграфічныя матэрыялы). У 1-м аддзеле, сярод матэрыялаў, што асвятляюць гісторыю ВКЛ, зберагаецца сумарыуш Метрыкі ВКЛ — пералік актаў Метрыкі з кароткім выкладам іх зместу за 1386—1751, выкананы ў 1744—51 (15 архіўных адзінак); копіі найбольш ранніх кніг Метрыкі ВКЛ за 1440—1582, выкананыя лацінскім шрыфтам у 1775—92, а таксама арыгінальная кніга Метрыкі ВКЛ 1775—92 (31 архіўная адзінка). Фонд «Так званая Літоўская Метрыка» — калекцыя дакументаў рознага паходжання, сярод каторых 429 інвентароў ад 15 ст. да 1808, некалькі дзесяткаў кніг, звязаных па паходжанні з каралеўскай канцылярыяй, каля 300 кніг з разнароднымі дакументамі часоў панавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага (у т.л. матэрыялы Пастаяннай Рады, Стражы Правоў, акты Чатырохгадовага сойма 1788—92, Гарадзенскага сойма 1793), дакументацыя Адукацыйнай камісіі, Вайсковай камісіі абодвух народаў, Камісіі паліцыі абодвух народаў, паўстанцкіх уладаў 1794 і інш. У фондзе «Збор пергаментных дакументаў» зберагаюцца 1144 акты з былога архіва Радзівілаў, у т.л. каля 100 актаў агульнадзяржаўнага характару з дзярж. архіва ВКЛ, прывілеі вял. князёў літоўскіх і каралёў польскіх на ўрады і маёнткі, а таксама акты, выдадзеныя Радзівіламі. У фондзе «Збор папяровых дакументаў» зберагаюцца каралеўскія універсалы на правядзенне соймаў і соймікаў, збор паспалітага рушэння, універсалы ваяводаў і кашталянаў на правядзенне выбараў земскіх ураднікаў, універсалы Барскай і Таргавіцкай канфедэрацый, выпіскі з Метрыкі ВКЛ і інш. Фонд «Архіў Чатырохгадовага сойма» утвораны з дакументаў, паступіўшых з СССР у 1964. Налічвае 25 тамоў з дакументамі 1778—94, 1834, у т.л. дыярыушы соймавых пасяджэнняў, тэксты выступленняў, праекты і канчатковыя тэксты соймавых канстытуцый, карэспандэнцыя да маршалкаў сойма, рапарты соймавым дэпутацыям і цэнтральным камісіям і інш. Фонд «Карэспандэнцыя Станіслава Аўгуста» налічвае 16 тамоў перапіскі караля за 1792—97, вылучаных з архіва Патоцкіх з Яблонны. У фондзе Архіва Кароннага скарба зберагаецца фінансавая дакументацыя каралеўскага двара, пасольстваў, соймаў, падаткавыя рэестры, люстрацыі, рэвізіі і інвентары каралеўскіх маёнткаў. У ГАСА зберагаюцца архівы некаторых магнацкіх і шляхецкіх родаў, сярод матэрыялаў якіх шмат дакументаў мае дачыненне да ВКЛ. З іх найб. важныя: Варшаўскі архіў Радзівілаў, архіў Радзівілаў з Няборава, архіў Радзівілаў з Паланэчкі, архівы Замойскіх, Пшэздзецкіх, Тызенгаўзаў, Браніцкіх, Патоцкіх з Росі («Роскі архіў»), Прозараў і Ельскіх і інш. Фонд «Варшаўскі архіў Радзівілаў» утрымлівае фрагменты архіваў розных ліній роду Радзівілаў, якія ў 19 ст. сканцэнтраваліся ў Нясвіжскім замку, а перад 2-й сусветнай вайной былі перавезены ў Варшаву. У цяперашні час фонд налічвае 250 пагонных метраў дакументаў з 1190 да 20 ст.. Акрамя дакументаў прыватнага характару, фонд утрымлівае шмат матэрыялаў, што асвятляюць дзейнасць вышэйшых ураднікаў і органаў улады ВКЛ, перапіску Радзівілаў з каралямі, службовымі і прыватнымі асобамі. Матэрыялы фонда асвятляюць юрыдычны і гаспадачы стан шматлікіх маёнткаў Радзівілаў у ВКЛ і Кароне Польскай, дзейнасць радзівілаўскіх мануфактур і прадпрыемстваў. Некаторыя дакументы фонда паходзяць з былых архіўных збораў Сабескіх, Сапегаў, Палубінскіх, Кішкаў і інш. Картаграфічны збор ГАСА налічвае 25 012 адзінак захавання, сярод якіх планы, карты, атласы, архітэктурныя чарцяжы 1579—1954.
Літаратура:
Akta Komisji Policji Obojga Narodów i Komisji Policji Koronnej (1791—1794): Inwentarz / Oprac. J.Jankowska. Warszawa, 1949;
Katalog planów miast w zbiorach Archiwum Głównego Akt Dawnych w Warszawie / Oprac. J.Kazimierski, D.Warecka. Warszawa, 1953;
Bańkowski P. Archiwum Stanisława Augusta: Monografia archiwoznawcza. Warszawa, 1958;
Jankowska J. O tak zwanej Metryce Litewskiej w zasobie Archiwum Głównego Akt Dawnych w Warszawie // Archeion. Warszawa, 1960. T. 32;
Semkowicz W. Przewodnik po zbiorze rękopisów wilanowskich / Uzupełnił i do druku przygotował P.Bańkowski. Warszawa, 1961;
Smoleńska B., Zielińska T. Archiwalia prywatne w Archiwum Głównym Akt Dawnych // Archeion. Warszawa, 1962—63. T. 38—39;
Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie: Przewodnik po zespołach. Tom 1. Archiwa dawnej Rzeczypospolitej / Pod. red. J.Karwasińskiej. 2 wyd. Warszawa, 1975;
Zielińska T. Archiwa Radziwiłłów i ich twórcy // Archeion. Warszawa, 1978. T. 66;
Archiwum Główne Akt Dawnych: Informator o zasobie / Pod red. T.Zielińskiej. Warszawa, 1992;
Materiały genealogiczne, nobilitacje, indygenaty w zbiorach Archiwum Głównego Akt Dawnych w Warszawie: Katalog / Oprac. A.Wajs. Warszawa, 1995;
Семянчук Г. «Беларусіка» ў фондах Галоўнага архіву старажытных актаў у Варшаве // Спадчына. 1996. № 2;
Urbaniak V. Archiwum Radziwiłłów z Nieborowa w zbiorach Archiwum Głównego Akt Dawnych // Miscellanea historico-archivistica. Warszawa,1996. T. 6;
Bartoszewicz H. Kartografika Radziwiłłowskie w zbiorach Archiwum Głównego Akt Dawnych // Miscellanea historico-archivistica. Warszawa, 1997.T. 4.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


