Артыкулы: Галоўчынская бітва 1708

Галоўчынская бітва 1708. Адбылася 3(14) ліпеня ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 паміж шведскімі і рас. войскамі каля мяст. Галоўчын Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Бялыніцкім р-не). Войскі шведскага караля Карла ХІІ к ліп. 1708 выйшлі да Галоўчына. Рас. войскі ўмацаваліся на супрацьлеглым, левым беразе р. Вабіч (левы прыток Друці). Тут на расцягнутых пазіцыях былі сабраны часці ген.-фельдмаршала Б.П.Шарамецева і ген. А.Д.Меншыкава і А.І.Рапніна. На правым флангу размясціліся 13 пяхотных і 11 драгунскіх палкоў, у цэнтры — 9 пяхотных і 3 драгунскіх палкі (аддзяляліся ад правага фланга балотам), на левым фланге — 10 драгунскіх палкоў і 4 тыс. казакоў і калмыкаў. Усяго рас. войскі мелі да 40 тыс. чал. і 45 гармат. Шведская армія распалагала 12 пяхотнымі і 16 кавалерыйскімі палкамі. 29 чэрв. шведы пачалі артылерыйскую падрыхтоўку, 2(13) ліп. сабралі пантоны, з дапамогай якіх меркавалі фарсіраваць Вабіч і разбіць спачатку цэнтральную групоўку рас. войск, а пасля астатнія. У ноч на 3(14) ліп. шведскія войскі рушылі ўперад, але з-за ліўны не здолелі навесці пантонны мост, таму атрымалі загад фарсіраваць Вабіч уброд (5 пяхотных і 4 кавалерыйскіх палка, больш за 10 тыс. чал.). У палове 3-й гадзіны шведская артылерыя адкрыла агонь і шведы рушылі на рас. пазіцыі, а ў 4-й гадзіне ўступілі ў рукапашны бой. Адначасова левы фланг рас. войск быў атакаваны шведскай конніцай Рэншэльда, каб той не змог прыйсці на дапамогу цэнтру, а правы рас. фланг падвергнуты інтэнсіўнаму абстрэлу, што імітаваў атаку. Дзве гадзіны рас. салдаты цэнтра нястройна адстрэліваліся, а потым, не маючы значнага ўрону, пачалі адыходзіць. Шведы праследавалі іх да палудня, а потым Карла ХІІ павярнуў супраць правага фланга, аднак Шарамецеў адтуль ужо адступіў. Рас. войскі адступалі групамі па 20—100 чал. і на працягу некалькіх дзён выходзілі да Шклова і Магілёва. Перамога шведскай арміі не была рашучай. Рас. бок згубіў 350 чал. забітымі і 675 параненымі, 630 прапаўшымі без весткі або трапіўшымі ў палон (усяго 1655 чал.), усю артылерыю, амуніцыю і абоз; шведы згубілі 255 чал. забітымі і 1219 параненымі. Раззлаваны паражэннем Пётр І аддаў Рапніна пад суд і разжалаваў яго ў радавыя. Поспех пад Галоўчынам стаў апошняй перамогай шведскай арміі ў вайне з Расіяй. Яна адкрыла Карлу ХІІ шлях да Днапра і дазволіла заняць Шклоў і Магілёў.

Літаратура:

Павленко Н., Артамонов В. 27 июня 1709. М., 1989;

Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры Беларусі. Мн., 2002.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.